Кібербяспека - тэма занятку ў Міністэрстве юстыцыі

Паняцці "кібербяспека", "інфармацыйная бяспека", "лічбавая пісьменнасць" з кожным днём усё больш трывала ўваходзяць у наша жыццё. Сёння плацежныя і дысконтныя карты, мабільныя тэлефоны, кампутары, розныя праграмы і сэрвісы не толькі падвышаюць узровень камфорту для грамадзян у зносінах, бізнэсе, паўсядзённых справах, але і адкрываюць новыя магчымасці зламыснікам для завалодання персанальнымі дадзенымі і грашовымі сродкамі.

Аб тым, як не стаць ахвярай кібермахляроў, сёння ў цэнтральным апараце Міністэрства юстыцыі расказаў прадстаўнік галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Павел Строк.

Не ўдаючыся ў падрабязнасці аператыўнай працы, ён прывёў прыклады рэзанансных злачынстваў, раскрытых упраўленнем "К" МУС, распавёў аб найбольш распаўсюджаных схемах, якія выкарыстоўваюцца злачынцамі. Асобна спыніўся на прафілактычнай рабоце, якая праводзіцца органамі ўнутраных спраў сярод розных слаёў насельніцтва, у першую чаргу ў маладзёжным асяроддзі. Як паказвае практыка, менавіта яе прадстаўнікі не толькі часта трапляюцца на вуду ашуканцаў, але і самі ў пошуках лёгкага заробку становяцца ўдзельнікамі арганізаваных злачынных груп.

Выступленне прадстаўніка МУС выклікала жывую цікавасць у слухачоў. Павел Строк у ходзе размовы адказаў на шэраг пытанняў, якія датычацца прававога забеспячэння барацьбы з кіберзлачыннасцю, а таксама бяспечных паводзін у сацыяльных сетках і месэнджарах.

уверх