Аб развіццi натарыята і загсаў
Развіццё натарыята і натарыяльнай дзейнасці
Задачамі натарыяльнай дзейнасці з'яўляюцца забеспячэнне абароны праў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, дзяржаўных інтарэсаў шляхам здзяйснення натарыяльных дзеянняў; натарыяльнае пасведчанне здзелак, бясспрэчных праў і фактаў у мэтах надання ім юрыдычнай дакладнасці і забеспячэння стабільнасці грамадзянскага абароту; аказанне юрыдычнай дапамогі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам; фарміраванне паважлівага стаўлення да закона.
Міністэрства юстыцыі з дня свайго ўтварэння ажыццяўляе кіраўніцтва натарыятам. Дакументальна развіццё натарыята пачынаецца з моманту ўтварэння ў лютым 1919 года Наркамата юстыцыі ССРБ.
Адным з найбольш значных актаў савецкага перыяду, які рэгулюе пытанні натарыяльнай дзейнасці, з'яўляецца Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ад 30 красавіка 1974 г. № 216-VIII «Аб дзяржаўным натарыяце». У адпаведнасці з названым законам кіраўніцтва дзяржаўным натарыятам ажыццяўлялася Саветам Міністраў СССР, Саветам Міністраў БССР, выканаўчымі камітэтамі абласных, раённых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў працуючых, Міністэрствам юстыцыі СССР, Міністэрствам юстыцыі БССР.
Натарыяльныя дзеянні здзяйснялiся ў натарыяльных канторах, а ў населеных пунктах, дзе іх не было, – выканаўчымі камітэтамі гарадскіх, пасялковых, сельскіх Саветаў дэпутатаў працуючых, за мяжой –консульскімі ўстановамі.
З улікам новых сацыяльна-эканамічных умоў у 1993 годзе ў г. Мінску ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі было выдадзена 15 ліцэнзій на занятак прыватнай натарыяльнай практыкай. З лютага 1994 года эксперымент быў распаўсюджаны па ўсёй рэспубліцы і натарыусы атрымалі магчымасць ажыццяўляць натарыяльную дзейнасць у якасці прыватных натарыусаў. Да 1996 года было выдадзена болей за 100 ліцэнзій на заняцце прыватнай натарыяльнай практыкай.
Міністэрства юстыцыі было ініцыятарам перахода дзяржаўных і прыватных натарыусаў на работу па прынцыпе «адно акно», у сувязі з чым быў распрацаваны і ў наступным прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 2005 г. №220 «Аб некаторых мерах па спрашчэнні парадку здзяйснення натарыяльных дзеянняў». Натарыусы першымі ў краіне апрабавалі новыя ўмовы работы. У наступным прынцып «адно акно» быў уведзены і ў іншых дзяржаўных органах і арганізацыях.
Міністэрства юстыцыі з'яўляецца распрацоўшчыкам некалькіх соцень нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць сферу натарыяльнай дзейнасці, – Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 мая 1997 г. №12 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванні адвакацкай і натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2000 г. №38 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2004 г. № 305-З «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці», так і рэгулюючых яго дзейнасць на ўрадавым і ведамасным узроўнях.
У 2013 годзе Міністэрствам юстыцыі быў распрацаваны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2013 г. № 523 «Аб арганізацыі натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» і ўвесь спадарожны масіў нарматыўна-прававой базы, які дазволіў за некалькі гадоў правесці ўнікальную рэформу натарыяту – вывесці натарыусаў з дзяржаўнага падпарадкавання і фінансавання, забяспечыўшы магчымасць ажыццяўлення імі дзейнасці са студзеня 2014 года на ўмовах самакіравання і самафінансавання шляхам аб'яднання ў некамерцыйную арганізацыю –
Беларускую натарыяльную палату.
Беларускай натарыяльнай палаце былі дадзены паўнамоцтвы па арганізацыі натарыяльнага абслугоўвання і метадычнаму кіраўніцтву натарыятам. За Міністэрствам юстыцыі засталіся функцыі кіраўніцтва натарыятам, рэгулявання натарыяльнай дзейнасці і кантролю за выкананнем натарыусамі заканадаўства аб натарыяце.
Статус натарыуса як публічнай службовай асобы, што атрымлівае паўнамоцтва ад дзяржавы і рэалізуе іх ад яго імя і пад яго кантролем, не змяніўся.
З першых дзён рэформы намеры міністэрства былі накіраваны на падтрыманне прэстыжу і аўтарытэту натарыяту, што функцыянуе ў новых умовах, павышэнне якасці работы натарыусаў і яго прафесійнага ўзроўню.
За перыяд, на працягу якога натарыусы працуюць на ўмовах самакіравання і самафінансавання, адбыліся немалаважныя змяненні. У мэтах комплекснага аказання натарыусам юрыдычнай дапамогі былі пашыраны задачы натарыяльнай дзейнасці. У кампетэнцыю натарыусаў была перададзена асноўная частка бясспрэчных патрабаванняў, якія раней разглядаліся ў загадным вядзенні эканамічнымі судамі. У цяперашні час працягваецца работа над пашырэннем пераліку бясспрэчных патрабаванняў, якія могуць быць задаволены на падставе выканаўчага надпісу натарыуса.
Натарыусы надзелены правам прадстаўлення электронных дакументаў для дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама выступаць у якасці інфармацыйнага пасрэдніка пры дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, праў на яго і здзелак з ім.
Міністэрствам юстыцыі паспяхова выканана пастаўленая Кіраўніком дзяржавы задача па забеспячэнні ўкаранення Беларускай натарыяльнай палатай у натарыяльных канторах і натарыяльных бюро адзінай электроннай сістэмы ўліку натарыяльных дзеянняў і спадчынных спраў з 1 студзеня 2017 года.
13 мая 2022 года на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД, якое прайшло ў Душанбэ (Таджыкістан) Беларускай натарыяльнай палаце надалі статус базавай арганізацыі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сферы натарыяльнай дзейнасці.
Згодна з палажэннем, базавая арганізацыя падсправаздачная Савету міністраў юстыцыі дзяржаў - удзельніц СНД.
Сярод асноўных напрамкаў яе дзейнасці:
- садзейнічанне абмену інфармацыяй аб прымяненні заканадаўства аб натарыяльнай дзейнасці,
- удасканаленне механізмаў аказання юрыдычнай дапамогі ў сферы натарыята,
- арганізацыя і развіццё супрацоўніцтва ў ажыццяўленні прафесійнай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі натарыусаў,
- ажыццяўленне навукова-даследчай дзейнасці,
- правядзенне канферэнцый, семінараў, сімпозіумаў і інш.
Законам Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» прадугледжваецца магчымасць здзяйснення натарыусам аддалена натарыяльных дзеянняў. Да такіх дзеянняў адносяцца, напрыклад, выдача пасведчанняў аб праве на спадчыну і аб праве ўласнасці на долі ў маёмасці, нажытай мужам і жонкай у перыяд шлюбу; здзяйсненне выканаўчага надпісу; сведчанне вернасці перакладу дакументаў з адной мовы на іншую; прыняцце на захаванне электронных дакументаў; прыняцце грашовых сродкаў у дэпазіт; выдача дублікатаў натарыяльных дакументаў; забеспячэнне доказаў, размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт.
З 11 чэрвеня 2025 г. у выпадку, калі падставай для дзяржаўнай рэгістрацый нерухомай маёмасці, правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на яе і здзелак з ёй з'яўляюцца дакументы, пасведчаныя альбо выдадзеныя натарыусам, натарыус, які здзейсніў адпаведнае натарыяльнае дзеянне, накіроўвае ў дзень яго здзяйснення адпаведныя дакументы ў дзяржаўную інфармацыйную сістэму «Адзіны рэестр маёмасці» для ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі.
Развіццё органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану
Гісторыя ўтварэння органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, звязана з нараджэннем савецкай дзяржавы.
Створаныя ў першыя месяцы жыцця новай дзяржавы аддзелы запісу шлюбаў і нараджэнняў прынялі на сябе функцыі, якія выконваліся ў царскай Расіі царквой. Да іх утварэння рэгістрацыяй нараджэнняў, шлюбаў і смерцяў займаліся царкоўныя ўстановы розных канфесій.
Пасля прыняцця 18 снежня 1917 года Дэкрэта УЦВК і СНК РСФСР «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану» на тэрыторыі рэспублікі сталі дзейнічаць аддзелы запісаў шлюбаў і нараджэнняў, якія ў далейшым пераймяноўваліся ў бюро, аддзелы запісу актаў грамадзянскага стану Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканкамаў, і з 1957 года ўвайшлі ў сістэму Міністэрства юстыцыі.
У цяперашні час у рэспубліцы рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану ажыццяўляюць аддзелы загса раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, Палац грамадзянскіх абрадаў Мінскага гарвыканкама, гарадскія (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія выканаўчыя і распарадчыя органы, за яе межамі – загранустановы Рэспублікі Беларусь.
Аддзелы запісу актаў грамадзянскага стану з'яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і падпарадкоўваюцца ім па агульных пытаннях сваёй дзейнасці, а таксама ўваходзяць у сістэму Міністэрства юстыцыі і падпарадкоўваюцца яму па пытаннях рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі.
Упраўленнем натарыяту і загсаў пастаянна вядзецца работа па ўдасканаленні і спрашчэнні рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Ініцыіруюцца і распрацоўваюцца змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і. Уведзены навацыі, якія дазволілі спрасціць працэдуру падачы заявы на рэгістрацыю шлюбу, забяспечыць магчымасць рэалізацыі права на заключэнне шлюбу на тэрыторыі нашай дзяржавы асобамі, якія не з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, забяспечыць крокавую даступнасць на ажыццяўленне адміністрацыйнай працэдуры па ўнясенні змяненняў, дапаўненняў, выпраўленняў у запісы актаў грамадзянскага стану, а таксама рэгістрацыю разарвання шлюбу органамі загса ў сувязі з перадачай у іх кампетэнцыю з судоў разарвання шлюбаў мужа і жонкі па ўзаемнай згодзе, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчкі аб маёмасці, і іншыя.
Упраўленнем натарыяту і загсаў абагульняецца практыка работы органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, якая ў далейшым служыць падставай для карэкціроўкі заканадаўства ў сферы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.
У службовых асоб органаў загса асаблівая місія – быць сведкамі найважнейшых падзей у жыцці кожнага чалавека, кожнай сям'і. Штодзень, рэгіструючы акты грамадзянскага стану, забяспечваючы іх урачыстую абстаноўку, камунікуючы са мноствам самых розных людзей, работнікі органаў загса ствараюць для кожнай пары новаабраных, сямейных юбіляраў незабыўныя і радасныя моманты жыцця, якія застаюцца ў памяці на доўгія гады, працягваюць традыцыі, абрады, звычаі беларускага народа.
Рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану, у тым ліку ва ўрачыстай абстаноўцы, заклікана спрыяць стварэнню трывалай сям'і, а таксама пацвярджаць, што для дзяржавы нараджэнне новых сем'яў і новых грамадзян нашай дзяржавы з'яўляюцца значнымі падзеямі.
Міністэрствам юстыцыі заснаваны і з 2010 года праводзіцца Рэспубліканскі агляд-конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, мэтай якога, перш за ўсё, з'яўляецца ўдасканаленне прафесійнага майстэрства работнікаў органаў загса ў сферы правядзення ўрачыстых рэгістрацый і юбілеяў сямейнага жыцця.
Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2023 г. № 88 «Аб аглядзе-конкурсе работнікаў органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану», якая ўступіла ў сілу з 12 студзеня 2024 г., зацверджана новая Інструкцыя аб парадку правядзення рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану.
Конкурс праводзіцца па трох намінацыях: «Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі заключэння шлюбу», «Лепшы вядучы по правядзенні ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі нараджэння», «Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстай цырымоніі, звязанай з рэгістрацыяй шлюбу». Конкурс праводзіцца не радзей як адзін раз у пяць гадоў. Рашэнне аб правядзенні конкурсу прымаецца Міністрам юстыцыі.
Супрацоўнікі міністэрства ўваходзяць у склад міжнародных рабочых груп па пытаннях дзейнасці органаў загса. З'яўляюцца пастаяннымі членамі рабочай групы па пытаннях узаемадзеяння органаў загса Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі Аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі дзяржаў – удзельніц Саюзнай дзяржавы.
Вышэйпаказанае дазваляе праводзіць сістэмны і ўсебаковы аналіз заканадаўства ў названай сферы, уносіць прапановы па яго ўдасканаленні, аператыўна вырашаць пытанні прымянення палажэнняў міжнародных пагадненняў, вызначаць адзіныя падыходы, якія тычацца правапрымяняльнай практыкі органаў загса адпаведных дзяржаў.
У Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і (далей – Кодэкс) Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2024 г. № 26-З «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання шлюбных і сямейных адносін» у мэтах удасканалення заканадаўства і з улікам правапрымяняльнай практыкі ўнесены змяненні, у тым ліку ў частцы рэгулявання сферы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (уступілі ў сілу з 1 студзеня 2025 г.).
У прыватнасці, у Кодэкс уключаны:
- палажэнні, якія вызначаюць парадак атрымання дакумента, што пацвярджае адсутнасць перашкод для заключэння шлюбу за межамі Рэспублікі Беларусь;
- нарматыўныя прадпісанні, якія ўдакладняюць парадак унясення змяненняў у асобныя запісы актаў грамадзянскага стану, а таксама парадак іх анулявання;
- патрабаванне аб інфармаванні грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, органаў загса Рэспублікі Беларусь аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ў адносінах да сябе і сваіх непаўналетніх дзяцей у замежных дзяржавах;
- вызначэнні паняццяў «акты грамадзянскага стану» і «рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану»;
- і іншыя палажэнні.
