Прэтэндэнтам на статус натарыуса
Натарыусы ажыццяўляюць натарыяльную дзейнасць на падставе пасведчання на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці (далей – пасведчанне), выдаваемага Міністэрствам юстыцыі.
Натарыусам у Рэспубліцы Беларусь можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і стаж работы па юрыдычнай спецыяльнасці не менш за тры гады, які прайшоў у выпадках, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2004 г. № 305-З «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» (далей – Закон аб натарыяце), прафесійную стажыроўку ў якасці стажора, здаў кваліфікацыйны экзамен i атрымаў пасведчанне, а таксама адказвае іншым патрабаванням заканадаўства.
Асоба, якая прэтэндуе на набыццё статусу натарыуса, павінна адпавядаць названым патрабаванням, з улікам абмежаванняў, устаноўленых артыкулам 29 Закона аб натарыяце.
Да здачы кваліфікацыйнага экзамену асобы, якія прэтэндуюць на набыццё статусу натарыуса ўпершыню, абавязаны прайсці прафесійную стажыроўку ў якасці стажора ў натарыяльнай канторы тэрмінам ад шасці месяцаў до аднаго года, а асобы, якія прэтэндуюць на набыццё статусу натарыуса пасля трохгадовага перапынку ў рабоце ў якасці натарыуса, - ад трох да шасці месяцаў.
Пры наяўнасці стажу работы на пасадзе кансультанта натарыяльнай канторы не менш за тры гады ў сукупнасці, у тым ліку на працягу аднаго года пасля прыпынення працоўнага дагавора па апошнім месцы работы на гэтай пасадзе служачага, тэрмін прафесійнай стажыроўкі ў якасці стажора складае ад аднаго да трох месяцаў. Пры гэтым у стаж работы на пасадзе кансультанта натарыяльнай канторы не ўключаюцца перыяды знаходжання ў водпусках па цяжарнасці і родах, па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў.
Вызваляецца ад праходжання прафесійнай стажыроўкі асоба, якая прэтэндуе на набыццё статусу натарыуса, пасля перапынку ў рабоце ў якасці натарыуса да трох гадоў.
Для допуску да здачы кваліфікацыйнага экзамену асоба, якая прэтэндуе на набыццё статусу naтарыуса, падае заяву ў Кваліфікацыйную камісію па пытаннях натарыяльнай дзейнасці (далей – Кваліфікацыйная камісія).
Адначасова з заявай у Кваліфікацыйную камісію прадстаўляюцца наступныя дакументы:
- дакумент, які сведчыць яго асобу;
- анкета, якая змяшчае біяграфічныя звесткі;
- працоўная кніжка;
- дакумент, які пацвярджае наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі;
- заключэнне кіраўніка прафесійнай стажыроўкі аб выніках прафесійнай стажыроўкі, зацверджанае абласной (Мінскай гарадской) натарыяльнай палатай;
- рашэнне тэрытарыяльнай натарыяльнай палаты аб станоўчым завяршэнні прафесійнай стажыроўкі;
- дакументы, якія пацвярджаюць змяненне (перамену) прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку - у выпадку змянення (перамены) прэтэндэнтам прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку;
- дакумент аб выплаце дзяржаўнай пошліны за выдачу пасведчання на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці.
За выдачу пасведчання на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці спаганяецца дзяржаўная пошліна ў памеры 8 базавых велічынь.
У мэтах вызначэння ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі асобы, якая прэтэндуе на набыццё статусу натарыуса, Кваліфікацыйнай камісіяй праводзіцца кваліфікацыйны экзамен у адпаведнасці з праграмай падрыхтоўкі да кваліфікацыйнага экзамену для асоб, якія прэтэндуюць на набыццё статусу натарыуса, зацверджанай загадам Міністра юстыцыі ад 15 снежня 2025 г. № 192.
Кваліфікацыйнай камісіяй прымаюцца рашэнні аб допуску да ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці і выдачы пасведчання або аб адмове ў допуску да ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці, а таксама аб аднаўленні і прыпыненні паўнамоцтваў натарыуса, ануляванні пасведчання і па іншых пытаннях, звязаных з натарыяльнай дзейнасцю.
