Выставу "Спорт у Беларусі" прадставілі ў Міністэрстве юстыцыі

Напярэдадні адкрыцця ў Мінску II Гульняў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Міністэрстве юстыцыі адбылася прэзентацыя выстаўкі "Спорт у Беларусі", падрыхтаванай Дэпартаментам па архівах і справаводстве.

У экспазіцыі прадстаўлены копіі архіўных дакументаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі.

З выставай азнаёміліся работнікі цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі. У ходзе экскурсіі ім былі прадстаўлены дакументы, якія адлюстроўваюць гісторыю спорту Беларусі ў розныя перыяды.

Дакументы да 1917 года асвятляюць дзейнасць у г. Мінску шахматнага гуртка, арганізацыю Мінскага аддзялення таварыства атлетыкі і фізічнага развіцця "Sanitas" і інш.

Дакументы аб гісторыі беларускага спорту савецкага перыяду расказваюць аб футбольных і валейбольных спаборніцтвах на стадыёне "Дынама" у 50 - 70-я гг. мінулага стагоддзя, аб правядзенні ў Мінску спаборніцтваў у рамках маскоўскай Алімпіяды 1980 г., аб будаўніцтве рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы".

Асобным раздзелам на выставе прадстаўлены афіцыйныя геральдычныя сімвалы спартыўных федэрацый Рэспублікі Беларусь, а таксама нагрудныя знакі за дасягненні ў спорце.

На пытанні прысутных адказалі работнікі Дэпартамента па архівах і справаводстве, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Прысутных цікавіла, якія віды спорту атрымалі сваё развіццё ў розныя часовыя перыяды гісторыі Беларусі, ход будаўніцтва вядомых спартыўных аб'ектаў, дасягненні беларускіх спартсменаў на спаборніцтвах розных узроўняў.

Выстава працягне сваю працу да заканчэння ІІ Гульняў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

уверх