Падведзены вынікі супрацоўніцтва з ЮНІСЕФ за 2015-2020 гады

8 ліпеня 2020 года Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Леанідавіч Сліжэўскі сустрэўся з Прадстаўніком Дзіцячага фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Рашэдам Мустафой Сарварам, які ўзначальваў беларускі офіс ЮНІСЕФ з 2015 года. У сувязі са сканчэннем ў ліпені бягучага года паўнамоцтваў спадара Сарвара ў Рэспубліцы Беларусь бакі падвялі вынікі пяцігадовага супрацоўніцтва.

У ліку дасягненняў двухбаковага ўзаемадзеяння ўдзельнікі сустрэчы адзначылі заключаныя ў 2019 годзе, а затым і ў 2020 годзе планы супрацоўніцтва, на аснове якіх быў праведзены цэлы шэраг сумесных мерапрыемстваў, у прыватнасці, міжнародная канферэнцыя па грамадзянскіх аспектах выкрадання дзяцей, семінары па тэматыцы спагнання аліментаў, круглыя сталы па пытаннях развіцця медыяцыі ў інтарэсах непаўналетніх, вебінар па пытаннях, звязаных з утрыманнем і выхаваннем дзяцей.

Прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь двойчы выступіла суарганізатарам конкурсу дзіцячага малюнка Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «Права на дзяцінства».

Бакі высока ацанілі закладзены трывалы фундамент двухбаковага супрацоўніцтва і выказалі надзею на працяг плённага ўзаемадзеяння Міністэрства юстыцыі і ЮНІСЕФ у інтарэсах беларускіх дзяцей.

уверх