Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі прыняў удзел у пасяджэнні Савета па агульных пытаннях і палітыцы ГКМПП

4 – 8 сакавіка 2019 года ў г. Гаазе (Каралеўства Нідэрландаў) адбылося пасяджэнне Савета па агульных пытаннях і палітыцы Гаагскай канферэнцыі па міжнародным прыватным праве (далей – ГКМПП), у якім прыняў удзел прадстаўнік Міністэрства юстыцыі. У пасяджэнні таксама ўдзельнічалі больш за 150 экспертаў, у ліку якіх прадстаўнікі дзяржаў-членаў ГКМПП, дзяржаў-удзельніц Гаагскіх канвенцый, якія не з'яўляюцца членамі ГКМПП, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый.

Адным з цэнтральных пытанняў, разгледжаных на пасяджэнні, стала пытанне аб падрыхтоўцы да 22-й дыпламатычнай сесіі ГКМПП, падчас якой плануецца прыняцце Канвенцыі аб прызнанні і выкананні замежных судовых рашэнняў па грамадзянскіх або гандлёвых справах. Асаблівая ўвага была ўдзелена і іншым праектам Гаагскіх канвенцый, у прыватнасці, тым, якія рэгулююць прыватнаправавыя аспекты статусу дзяцей і сурагатнага мацярынства; прызнанне і выкананне пагадненняў, дасягнутых пры вырашэнні спрэчак з удзелам дзяцей; абарону правоў турыстаў за мяжой.

Акрамя таго, удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі і праблемныя аспекты рэалізацыі палажэнняў дзеючых Гаагскіх канвенцый, у тым ліку Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей ад 25 кастрычніка 1980 года, Канвенцыі аб міжнародным парадку спагнання аліментаў на дзяцей і іншых формаў утрымання сям'і ад 23 лістапада 2007 года, а таксама магчымыя меры па павышэнню эфектыўнасці іх прымянення.

уверх