Пытанні нарматворчасці абмеркавалі на пасяджэнні калегіі ў Міністэрстве юстыцыі
У Міністэрстве юстыцыі адбылося пасяджэнне калегіі па пытаннях рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2019 г. № 265 “Аб удасканаленні нарматворчай дзейнасці” (далей – Указ № 265) і іншых актаў заканадаўства ў сферы нарматворчасці.
Штогод міністэрствам прымаюцца меры, накіраваныя на павышэнне якасці падрыхтоўкі праектаў прававых актаў, прадметна аналізуецца работа нарматворчых органаў, планава праводзяцца праверкі стану нарматворчай дзейнасці ў дзяржаўных органах, падпарадкаваных Ураду.
Указам № 265 на Міністра юстыцыі ўскладзена персанальная адказнасць за юрыдычную якасць праектаў прававых актаў, а таксама вызначаны напрамкі дзейнасці па павышэнню іх якасці, укараненню электроннага дакументазвароту ў нарматворчую дзейнасць, па стварэнню аптымальных умоў для ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і арганізацый у працэсе падрыхтоўкі, прыняцця і давядзення да ўсеагульнага ведама прававых актаў.
На калегіі абмяркоўваліся пытанні аб неабходнасці павышэння ўзроўню нарматворчай дзейнасці, выканання патрабаванняў нарматворчай тэхнікі, правядзення публічных абмеркаванняў праектаў нарматыўных прававых актаў і інш.
Пад час пасяджэння калегіі Міністр юстыцыі падкрэсліў, што наладжаны нарматворчы працэс з'яўляецца адначасова індыкатарам і каталізатарам ўзроўню прававой культуры, спрыяе далейшаму ўмацаванню прававой дзяржавы і забеспячэнню вяршэнства права.
Па выніках пасяджэння калегіі былі вызначаны першапачатковыя задачы і мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне якасці праектаў нарматыўных прававых актаў, якія рыхтуюць нарматворчыя органы, а таксама на вырашэнне праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць пры рэалізацыі нарматворчых паўнамоцтваў.
