Міністэрства юстыцыі далучылася да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Сліжэўскі ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведаў падшэфную Бярозкаўскую школу-сад Докшыцкага раёна і прыняў удзел у навагоднім свяце. Для ўсіх вучняў сельскай школы Міністэрства юстыцыі падрыхтавала прыемныя і карысныя падарункі. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй, – калектыў Міністэрства падтрымлівае падшэфную ўстанову адукацыі не толькі ў рамках акцыі «Нашы дзеці», але і ў іншыя святы, а падобныя пераднавагоднія сустрэчы з дзецьмі Бярозкаўскай школы кіраўніцтва ведамства праводзіць ужо трынаццаць гадоў запар.

Казачнае навагодняе прадстаўленне, падрыхтаванае дзецьмі і настаўнікамі школы, пагрузіла ўсіх у атмасферу дзяцінства, радасці і чараўніцтва.

Віншуючы дзяцей, бацькоў і настаўнікаў школы, Алег Сліжэўскі адзначыў, што ў перадсвяточныя дні па шматгадовай традыцыі ў Беларусі ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» самая пільная ўвага надаецца тым, хто мае патрэбу ў асаблівым цяпле і клопаце, выказаў гатоўнасць і ў далейшым падтрымліваць не толькі матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы адукацыі, але і кожнага навучэнца. Міністр юстыцыі пажадаў усім дзецям моцнага здароўя, выканання жаданняў і поспехаў у вучобе.

Сімвалічна, што ў бягучым годзе беларускай юстыцыі споўнілася 100 гадоў, а падшэфная ўстанова Міністэрства юстыцыі – Бярозкаўская школа-сад Докшыцкага раёна ў 2020 годзе адзначае свой стогадовы юбілей.

уверх