Міністр юстыцыі адкрыў новы будынак аддзела прымусовага выканання Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці

20 верасня 2019 года Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага адміністрацыйнага будынка аддзела прымусовага выканання Асіповіцкага раёна. На цырымоніі прысутнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама Маймусаў А.С., прадстаўнікі мясцовых органаў улады, натарыусы і судовыя выканаўцы.

У новым будынку для супрацоўнікаў створаны неабходныя ўмовы для выканання сваіх службовых абавязкаў, працы з насельніцтвам, забяспечаны доступ судовых выканаўцаў да розных інфармацыйных банкаў дадзеных іншых дзяржаўных органаў.

Сімвалічны ключ ад будынка Міністр юстыцыі перадаў начальніку аддзела прымусовага выканання Асіповіцкага раёна Вікторыі Бычонак. Віншуючы калектыў работнікаў з важнай для іх падзеяй, Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі адзначыў, што стварэнне неабходных умоў для работы судовых выканаўцаў дазваляе дасягаць больш высокага ўзроўню ўзаемадзеяння з нашымі грамадзянамі і прадстаўнікамі юрыдычных асоб для забеспячэння абароны іх правоў і законных інтарэсаў.

Адразу ж пасля адкрыцця будынка Міністр правёў рабочую нараду з судовымі выканаўцамі, у ходзе якой былі абмеркаваны бягучыя пытанні дзейнасці, звязаныя з прымусовым выкананнем судовых рашэнняў і іншых выканаўчых дакументаў, аператыўнасці спагнання сум па выканаўчых дакументах, а таксама далейшыя шляхі зніжэння нагрузкі на судовых выканаўцаў.

У гэты ж дзень Міністр наведаў таксама натарыяльную кантору Асіповіцкага раёна.

уверх