Беларуская дэлегацыя вывучыла вопыт лепшых практыкаў Каралеўства Нідэрландаў у вобласці медыяцыі

31 кастрычніка – 3 лістапада 2018 года дэлегацыя беларускага боку на чале з намеснікам Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Мікалаем Старавойтавым наведала Каралеўства Нідэрландаў. Мэтай візіту было вывучэнне нарматыўнага замацавання, развіцця і прымянення медыяцыі ў Каралеўстве Нідэрландаў. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, адвакаты, медыятары, натарыус.

Вывучэнне вопыту Нідэрландаў было арганізавана Прадстаўніцтвам Праграмы развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь і Дзіцячым фондам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь.

У ходзе візіту адбыліся сустрэчы ў Нідэрландскім арбітражным інстытуце, Міністэрстве бяспекі і правасуддзя Нідэрландаў, Пастаяннай Палаце Трацейскага Суда, Цэнтры аднаўленчага правасуддзя, Цэнтры міжнароднага прававога супрацоўніцтва, а таксама арганізацыях, якія спецыялізуюцца на вырашэнні канфліктаў пры дапамозе медыяцыі.

Удзельнікі сустрэч комплексна абмеркавалі пытанні прымянення медыяцыі ў грамадзянскіх, камерцыйных, адміністрацыйных і крымінальных справах. З улікам развіцця медыяцыі было разгледжана рэгуляванне і прымяненне медыяцыі ў трансгранічных спрэчках. Асобнае абмеркаванне атрымала тэма школьнай і студэнцкай медыяцыі. У рамках сустрэч паміж беларускімі і нідэрландскімі экспертамі адбыўся абмен меркаваннямі аб укараненні медыяцыі ў прававую сістэму, ролі дзяржавы і прафесійнай супольнасці ў станаўленні інстытута медыяцыі, перспектывах развіцця медыяцыі ў будучыні. Пры гэтым практыка Беларусі ў сферы медыяцыі выклікала значны інтарэс у нідэрландскіх калег.

У ходзе адной з сустрэч Мікалай Старавойтаў адзначыў, што вопыт развіцця медыяцыі ў Нідэрландах і існуючыя вынікі выкарыстання медыяцыі гавораць аб значным патэнцыяле медыяцыі як аднаго са спосабаў вырашэння спрэчак у прававой сістэме Беларусі.

Атрыманыя веды будуць выкарыстоўвацца пры ўдасканальванні заканадаўства ў сферы медыяцыі.

уверх