Міністр юстыцыі А.Л.Сліжэўскі прыняў удзел у Рэспубліканскім суботніку
Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі прыняў удзел у Рэспубліканскім суботніку на сваёй малой Радзіме - на Гродзеншчыне, на тэрыторыі Палацава-паркавага ансамбля ў Свяцку непадалёк ад Аўгустоўскага канала. Удзельнікі суботніка працавалі на будоўле шматфункцыянальнага комплексу, у якім у перспектыве размесціцца адміністрацыя новага аб'екта для турызму і адпачынку.
Палацава-паркавы ансамбль роду Валовічаў у Свяцку быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя па праекце італьянца Джузэпэ Сака. Комплекс моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У пачатку 2017 года пачалася яго рэканструкцыя, якая прадугледжвае аднаўленне інтэр'ераў, частка памяшканняў будзе адведзена пад гатэльныя нумары. На тэрыторыі комплексу ўжо пракладзены ўсе неабходныя камунікацыі, левы флігель і галерэя гатовы пад чыставое аздабленне. Узнаўляецца тут старадаўні парк і каскад сажалак.
Міністр з упэўненасцю адзначыў, што аднаўленне такіх гістарычных аб'ектаў робіць нашу рэспубліку прывабным турыстычным цэнтрам як для замежных, так і для нашых грамадзян.
У гэты ж дзень Міністр юстыцыі ў рамках Рэспубліканскага суботніка прыняў удзел у закладцы Алеі выпускнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы.
