Стартавала рэспубліканская акцыя “Права на службу людзям”

20 снежня 2019 года Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь дадзены афіцыйны старт рэспубліканскай акцыі «Права на службу людзям».

Мерапрыемства прайшло ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” і ўяўляла сабой прававы мітап па актуальных пытаннях і бясплатнае юрыдычнае кансультаванне грамадзян.

Праект «Права на службу людзям» рэалізуецца ў Беларусі з 2014 года, у бягучым годзе акцыю падтрымалі ТАА «Юрспектр», Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, а таксама Беларуская натарыяльная палата, Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Дзяржаўны камітэт па маёмасці, Нацыянальны банк, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Цэнтр «Медыяцыя і права», Цэнтр медыяцыі і перагавораў.

У сваім прывітальным слове першы намеснік Міністра юстыцыі Сяргей Задзіран падзякаваў усім удзельнікам акцыі за падтрымку, адзначыў сумесную прадуктыўную працу па фарміраванні прававой культуры насельніцтва, пажадаў усім прысутным далейшага развіцця праекта «Права на службу людзям».

Адвакаты, натарыусы, медыятары, работнікі органаў загса, судовыя выканаўцы правялі бясплатныя індывідуальныя юрыдычныя кансультацыі для 97 грамадзян, а гэта – шматдзетныя сем'і, пенсіянеры, бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, адзінокія пажылыя грамадзяне, студэнты.

Пытанні правоў спажыўцоў, фінансавай граматнасці, здзяйснення натарыяльных дзеянняў, навіны ў працоўным заканадаўстве, дзяржаўная рэгістрацыя нерухомай маёмасці, сэрвісы падатковых органаў, свабодны доступ да прававой інфармацыі, – адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні прадставілі арганізатары ў інтэрактыўным фармаце.

Па 18 ключавых тэмах выпушчаны інфармацыйныя буклеты на прававую тэматыку, якія будуць распаўсюджаны па ўсёй краіне.

уверх