Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі прынялі ўдзел у пасяджэнні беларуска-расійскай маніторынгавай (рабочай) групы ў Калінінградзе

У перыяд з 19 па 21 верасня 2018 года ў Калінінградзе (Расійская Федэрацыя) адбылося чарговае пасяджэнне маніторынгавай (рабочай) групы Аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі дзяржаў-удзельніц Саюзнай дзяржавы па пытаннях прымусовага выканання.

Ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання - начальнік упраўлення прававога забеспячэння Макаранка Л.М., іншыя работнікі галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання, а таксама начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Жандарава М.І.

У ходзе пасяджэння ўдзельнікі рабочай групы абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння органаў прымусовага выканання Беларусі і Расіі, абмяняліся інфармацыяй аб апошніх зменах заканадаўства ў сферы прымусовага выканання і практыцы яго прымянення. Прааналізавалі парадак выканання выканаўчых дакументаў у адпаведнасці з Пагадненнем аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў, праблемы яго прымянення, а таксама абмеркавалі іншыя актуальныя пытанні ў сферы прымусовага выканання абедзвюх дзяржаў.

На праведзенай сустрэчы таксама былі абмеркаваны наяўныя пытанні па праекту Пагаднення аб парадку ўзаемнага выканання актаў судоў Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Рабочая сустрэча прайшла ў атмасферы канструктыўнага дыялогу і пацвердзіла зацікаўленасць бакоў у развіцці далейшага супрацоўніцтва.

уверх