Міністр юстыцыі правёў выязны прыём грамадзян у Свіслацкім райвыканкаме, а таксама наведаў аддзелы прымусовага выканання і натарыяльныя канторы Гродзенскага рэгіёна

11 ліпеня 2019 года Міністр юстыцыі Сліжэўскі А.Л. на базе Свіслацкага райвыканкама Гродзенскай вобласці правёў выязны прыём грамадзян, на які папярэдне запісаліся 5 чалавек. Асобныя грамадзяне прыехалі на прыём да Міністра з г. Гродна.

Пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне, датычыліся абскарджання судовых рашэнняў, тлумачэння парадку ўступлення ў спадчыну па завяшчанні і па законе, рэгулявання працоўных адносін, у тым ліку парадку спынення працоўных дагавораў па ініцыятыве наймальніка. Грамадзянам растлумачваўся працэсуальны парадак абскарджвання судовых пастаноў, па асобных пытаннях было рэкамендавана звярнуцца для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў з іскавымі заявамі ў суд. На прыёме прысутнічалі кіраўніцтва Свіслацкага райвыканкама, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Юргель А.І., а таксама прадстаўнікі раённых службаў, якія давалі неабходныя тлумачэнні па зваротах грамадзян.

Па выніках правядзення асабістага прыёму грамадзян Міністр юстыцыі азнаёміўся з работай службы «адно акно» і аддзела загс Свіслацкага райвыканкама, наведаў натарыяльную кантору Свіслацкага раёна.

Падчас камандзіроўкі ў Гродзенскі рэгіён Міністр правёў сустрэчы з працоўнымі калектывамі аддзелаў прымусовага выканання Свіслацкага, Ваўкавыскага, Мастоўскага і Зэльвенскага раёнаў, азнаёміўся з умовамі размяшчэння і працы судовых выканаўцаў.

На сустрэчах абмяркоўваліся бягучыя пытанні дзейнасці, звязаныя з прымусовым выкананнем судовых рашэнняў і іншых выканаўчых дакументаў, аператыўнасці спагнання сум па выканаўчых дакументах у даход дзяржавы, а таксама наяўныя праблемныя пытанні ў працы судовых выканаўцаў.

На сустрэчы ў натарыяльнай канторы Зэльвенскага раёна Міністр абмеркаваў запатрабаванасць паслуг натарыусаў з боку насельніцтва, у тым ліку ў аграгарадках, а таксама магчымыя шляхі пашырэння паўнамоцтваў натарыусаў па здзяйсненні асобных натарыяльных дзеянняў.

уверх