Аб рэалізацыі канстытуцыйнага права на судовую абарону зацікаўленых асоб

30 ліпеня 2019 г. Кіраўніком дзяржавы падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні кодэксаў». Дадзены Закон падрыхтаваны Міністэрствам юстыцыі ў мэтах выканання адпаведнага рашэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2018 г.

Законам уносяцца змяненні ў Гаспадарчы працэсуальны і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь.

Так, замацоўваецца права зацікаўленай асобы ў дзесяцідзённы тэрмін са дня, калі гэтай асобе стала вядома аб вынясенні пастановы аб судовым загадзе, падаць у той жа суд матываваную заяву аб яе адмене або аб адмене яе ў частцы. Замацаванне дадзенага права ў працэсуальным заканадаўстве, апроч іншага, будзе садзейнічаць дасягненню мэты ўстойлівага развіцця па забеспячэнні доступу да правасуддзя для ўсіх.

Законам прадугледжаны патрабаванні да заявы зацікаўленай асобы. У заяве павінны быць прыведзены звесткі аб тым, якія яе правы і (або) законныя інтарэсы закрануты пастановай суда аб судовым загадзе, а таксама абставіны, на якіх заснаваны пярэчанні і якія пацвярджаюць іх доказы. Акрамя таго, зацікаўленая асоба павінна даказаць, што прайшло не больш дзесяці дзён з дня, калі яна даведалася аб парушэнні сваіх праў і законных інтарэсаў пастановай аб судовым загадзе, і абгрунтаваць захаванне дадзенага тэрміну на падачу заявы.

Законам удакладняюцца таксама іншыя палажэнні кодэксаў, накіраваныя на забеспячэнне працэсуальных гарантый абароны праў і законных інтарэсаў зацікаўленых асоб пры вынясенні судом пастановы аб судовым загадзе на раўнапраўнай аснове з даўжніком.

уверх