Аб правядзенні пасяджэння Савета натарыусаў Гомельскай абласной натарыяльнай палаты

2 кастрычніка 2020 г. адбылося пашыранае пасяджэнне Савета натарыусаў Гомельскай абласной натарыяльнай палаты з удзелам загадчыкаў натарыяльнымі канторамі Гомельскай вобласці і натарыусаў акругі па пытаннях арганізацыі работы ў сельскіх населеных пунктах.

У рабоце Савета прынялі ўдзел намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Старавойтаў, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Ткачоў, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка, старшыня Гомельскай абласной натарыяльнай палаты Маргарыта Жорава. Мэта сустрэчы – выяўленне праблемных пытанняў пры арганізацыі выездаў натарыусаў у аграгарадкі і сельскія населеныя пункты для аказання натарыяльных паслуг насельніцтву, а таксама пры рэалізацыі заканадаўства ў дадзенай сферы.

Натарыусы падзяліліся вопытам і выпрацаванымі падыходамі па арганізацыі натарыяльнага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці, выказалі магчымыя праблемныя пытанні і шляхі іх рашэння.

У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся падыходы па фарміраванні графікаў выездаў натарыусаў натарыяльных кантор і натарыяльных бюро, па арганізацыі выезду натарыуса пры паступленні заяўкі на здзяйсненне натарыяльнага дзеяння і (або) аказанне паслугі прававога і тэхнічнага характару, а таксама выездаў натарыусаў па-за графікам – у выпадку паступлення заяўкі ад ветэрана, удзельніка альбо інваліда Вялікай Айчыннай вайны або асобы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата.

Вынікі сустрэчы падвёў намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Старавойтаў, звярнуўшы увагу прысутных на неабходнасць забеспячэння даступнасці і якасці натарыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў сельскіх населеных пунктах без павелічэння фінансавай нагрузкі на насельніцтва.

уверх