Падрыхтоўка пагадненняў аб прававой дапамозе паміж Рэспублікай Беларусь і Ганконгам вядзецца ў Міністэрстве юстыцыі.

Распрацоўка міжнародных дагавораў у прававой сферы - такая мэта візіту ў Беларусь дэлегацыі Дэпартамента юстыцыі Урада Спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Ганконга Кітайскай Народнай Рэспублікі, які праходзіць гэтымі днямі ў Мінску.

Правядзенне працоўных сустрэч і кансультацый з кіраўніцтвам Міністэрства юстыцыі, спецыялістамі ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва запланавана ў перыяд з 8 па 18 верасня. Удзел у кансультацыях бяруць таксама прадстаўнікі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта.

Вітаючы гасцей ад імя кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі, намеснік Міністра Алег Кот адзначыў, што пагадненні аб прававой дапамозе ў крымінальных справах, аб выдачы, аб перадачы асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, якія стануць прадметам абмеркавання ў ходзе рабочых сустрэч, з'яўляюцца аднымі з асноўных пры фарміраванні міжнародна-прававой базы супрацоўніцтва.

У рамках візіту для дэлегацыі з Ганконга запланавана наведванне Нацыянальнага мастацкага музея, Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, шэрага іншых культурных аб'ектаў і памятных мясцін нашай краіны. У сувязі з гэтым Алег Кот пажадаў калегам, каб час іх знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь запомніўся не толькі плённай работай, але і знаёмствам з культурай, гісторыяй нашай краіны, а таксама з сучаснымі тэндэнцыямі развіцця Беларусі.

«Веру, што запланаваныя кансультацыі пройдуць эфектыўна і хуткім часам мы зможам падпісаць міжнародныя дамовы. Спадзяемся таксама, што галіновае ўзаемадзеянне ў сферы юстыцыі будзе станавіцца ўсё больш эфектыўным», - рэзюмаваў сваё выступленне намеснік Міністра.

У сваю чаргу начальнік юрыдычнай службы Дэпартамента юстыцыі Ганконга Пол Хо падзякаваў прадстаўнікам Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь за прадстаўленую магчымасць сустрэчы для абмеркавання і прапрацоўкі міжнародных дагавораў. Адзначыў сардэчны прыём, адкрытасць і добразычлівасць беларусаў, утульнасць і прывабнасць архітэктуры Мінска, незвычайную прыгажосць нашай прыроды.

У першыя дні кансультацый бакі дасягнулі разумення па ўсіх артыкулах праекта міжнароднай дамовы аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах.
уверх