Геральдычнаму знаку Міністэрства юстыцыі - 15 гадоў

15 гадоў таму Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2004 г. № 91 у мэтах захавання і развіцця гістарычных традыцый органаў юстыцыі быў зацверджаны геральдычны знак - эмблема Міністэрства юстыцыі.

Геральдычны знак - эмблема Міністэрства юстыцыі ўяўляе сабой чырвоны фігурны шчыт з аблямоўкай срэбнага колеру, які з'яўляецца сімвалам абароны правоў і свабод грамадзян. У цэнтры шчыта размешчаная залатая калона, увянчаная Дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь, якая ўвасабляе закон і справядлівасць. Пасярэдзіне калоны змешчана залатая таблічка з надпісам «Закон», а ніжэй - зялёная стужка з надпісам «МIНIСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫI». Шчыт і калону апраўляе залаты лаўровы вянок.

Геральдычны знак можна выкарыстоўваць у каляровым, чорна-белым, а таксама ў аб'ёмным варыянтах.

Малюнак эмблемы можа размяшчацца на нагрудных знаках Міністэрства юстыцыі і арганізацый сістэмы гэтага Міністэрства, знаках адрознення работнікаў органаў прымусовага выканання, друкаванай прадукцыі і кіна-, відэа- і фотаматэрыялы, якія выпускаюцца па заказах Міністэрства юстыцыі, а таксама рэкламна-інфармацыйнай і сувенірнай прадукцыі, якая вырабляецца па заказах Міністэрства юстыцыі.

уверх