Развіццё юрыдычнага супрацоўніцтва на прасторы ШАС абмяркоўваецца ў Кітаі

25 верасня 2019 г. у г. Шанхаі (Кітайская Народная Рэспубліка) першы намеснік Міністра юстыцыі Сяргей Задзіран выступіў на Міжнародным форуме па прававых паслугах на прасторы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

Форум праводзіцца ў мэтах паглыблення супрацоўніцтва ў прававой сферы на прасторы ШАС, у тым ліку для больш эфектыўнага забеспячэння інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у ШАС.

Форум сабраў больш за 300 экспертаў, сярод якіх адвакаты, юрысты, медыятары, прадстаўнікі навуковай супольнасці, а таксама бізнесу. У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва міністэрстваў юстыцыі дзяржаў-членаў ШАС, дзяржаў назіральнікаў і партнёраў ШАС.

У сваім дакладзе Сяргей Задзіран прадставіў беларускі вопыт рэгулявання і асноўныя тэндэнцыі развіцця заканадаўства ў сферах адвакатуры, юрыдычных паслуг, рыэлтарскіх паслуг, натарыята і медыяцыі. Першы намеснік Міністра адзначыў, што беларускі бок праводзіць палітыку, накіраваную на стварэнне спрыяльных умоў для работы інвестараў у Беларусі, на развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і фарміраванне комплекснай дагаворна-прававой базы, звязанай з забеспячэннем камерцыйных інтарэсаў. Як сведчанне прыхільнасці Беларусі развіццю правілаў міжнароднага гандлю Сяргей Задзіран назваў падпісанне нашай дзяржавай Сінгапурскай канвенцыі па медыяцыі, важнасць заключэння якой была таксама пацверджана і іншымі ўдзельнікамі форуму.

уверх