Міністэрства юстыцыі далучылася да акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага»

Па ўсёй краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Акцыя праходзіць як даніна памяці подзвігам і лёсам тых, хто ўнёс свой уклад у вызваленне краіны і Вялікую Перамогу. Усклаўшы кветкі да манумента «Няскораны чалавек» у мемарыяльным комплексе Хатынь, да акцыі далучыліся прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі на чале з Міністрам Алегам Сліжэўскім.

Пасля невялікай экскурсіі, якую правёў дырэктар мемарыяльнага комплексу Зельскі Артур Гарыевіч, Міністр юстыцыі ўнёс запіс у кнігу ганаровых наведвальнікаў і перадаў для музейнай экспазіцыі комплексу кнігу «Летапіс стагоддзя. Органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь». У сваю чаргу Артур Гарыевіч падарыў Алегу Сліжэўскаму аўтарскую кнігу, прысвечаную 75-годдзю трагедыі ў вёсцы Хатынь, у якой ён сабраў дадзеныя пра вёску пачынаючы з XVI стагоддзя і заканчваючы апошнім трагічным днём – 22 сакавіка 1943 года.

Міністр юстыцыі адзначыў: «Кожны год, сустракаючы чарговую вясну, мы дзякуем героям, якія падарылі нам свабоднае жыццё пад мірным небам, і свята шануем памяць аб ахвярах вайны. Сімвалам такіх ахвяр і пакут беларусаў стала трагедыя знішчанай фашыстамі вёскі Хатынь. Менавіта таму сёння мы тут. 9 мая – гэта, безумоўна, адзін з самых эмацыянальных памятных дзён. Тыя цяжары і пазбаўленні, якія вынес наш народ у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, былі неймавернымі. Такое не павінна забывацца. Дзень Перамогі для нас – гэта гонар за народ, які перамог. Гэта незламаны дух краіны, адноўленай з руін. 75 гадоў мы жывем пад мірным небам, будуем гарады, ствараем сям'і, гадуем дзяцей. Мы павінны памятаць аб гэтай вайне. Памятаць, каб жыць, працаваць, ствараць».

уверх