Міністры юстыцыі Беларусі і Сербіі дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва ў прававой сферы

2 снежня 2019 г. у г.Белградзе (Рэспубліка Сербія) Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Сліжэўскі сустрэўся з Міністрам юстыцыі Рэспублікі Сербія Нэлай Кубуровіч. Сустрэча праходзіла напярэдадні афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Сербію.

Кіраўнікі прававых ведамстваў былі адзіныя ў разуменні партнёрскага характару адносін дзвюх краін, важнасці ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы юстыцыі.

Міністры абмеркавалі развіццё міжнародна-прававой базы па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю міністэрстваў юстыцыі. У прыватнасці, адбыўся абмен думкамі аб перспектывах рэалізацыі Сінгапурскай канвенцыі па медыяцыі, падпісанай Беларуссю і Сербіяй у жніўні бягучага года. Міністры таксама далі пазітыўную ацэнку рабоце па выкананні Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Сербія аб прававой дапамозе па грамадзянскіх і крымінальных справах, які быў падпісаны і ўступіў у сілу ў 2013 годзе.

Удзельнікі сустрэчы абмяняліся інфармацыяй аб удасканаленні дзейнасці па асноўных напрамках работы міністэрстваў юстыцыі. Так, Алег Сліжэўскі расказаў калегам аб судова-прававой рэформе, у рамках якой Міністэрства юстыцыі сфарміравала і развівае сістэму прымусовага выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў. Таксама сербскім калегам быў прадстаўлены вопыт ўдасканалення натарыята, які прадугледжвае з 2014 г. большы ўзровень яго самакіравання. Карыстаючыся выпадкам, Нэла Кубуровіч павіншавала Алега Сліжэўскага з нядаўнім прыняццем натарыята Беларусі ў члены Міжнароднага саюза натарыяту.

Па выніках сустрэчы міністры даручылі экспертам праработаць пытанне аб падрыхтоўцы праекта мемарандума аб супрацоўніцтве паміж дзвюма міністэрствамі. Было адзначана, што з улікам супольнасці задач, якія ставяцца перад ведамствамі, такі дакумент можа дазволіць наладзіць прадуктыўнае экспертнае ўзаемадзеянне і абмен вопытам на пастаяннай аснове.

уверх