Аб правядзенні рэспубліканскага семінара «Актуальныя пытанні ведамаснай нарматворчасці»

У мэтах павышэння эфектыўнасці і якасці нарматворчай дзейнасці дзяржаўных органаў 19 снежня 2018 г. Міністэрствам юстыцыі і Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі праведзены рэспубліканскі семінар «Актуальныя пытанні ведамаснай нарматворчасці».

У рамках правядзення семінара асветлены праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пры правядзенні абавязковай юрыдычнай экспертызы ведамасных нарматыўных прававых актаў, навацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 года «Аб нарматыўных прававых актах» (далей – Закон) і пытанні яго практычнай рэалізацыі, актуальныя аспекты правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў, выкарыстання аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы, якая забяспечвае фарміраванне Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

У рэспубліканскім семінары прынялі ўдзел спецыялісты нарматворчых органаў (супрацоўнікі юрыдычных службаў, якія ажыццяўляюць абавязковую юрыдычную экспертызу праектаў нарматыўных прававых актаў, а таксама спецыялісты, адказныя за падрыхтоўку праектаў нарматыўных прававых актаў).

У ходзе семінара прайшла прэзентацыя Метадычных рэкамендацый па падрыхтоўцы праектаў ведамасных нарматыўных прававых актаў.

Метадычныя рэкамендацыі распрацаваны Міністэрствам юстыцыі з улікам спецыфікі ведамаснай нарматворчасці ў мэтах забеспячэння бесперабойнага перахода на ўстаноўленыя ў Законе новыя правілы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў.

У Метадычных рэкамендацыях знайшлі сваё адлюстраванне асноўныя навацыі Закона, у тым ліку звязаныя з патрабаваннямі да афармлення ведамасных актаў, прыведзены канкрэтныя прыклады прымянення новых патрабаванняў, а таксама размешчаны шаблоны праектаў ведамасных актаў.

Тэкст Метадычных рэкамендацый таксама апублікаваны ў журнале «Юстыцыя Беларусi».

уверх