Адбылася III зімовая адкрытая рэспубліканская спартакіяда работнікаў сістэмы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

Адбылася III зімовая адкрытая рэспубліканская спартакіяда работнікаў сістэмы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

З 2 па 4 лютага 2018 года на базе Спартыўна-аздараўленчага комплексу «Веста» (Дзяржынскі раён, Мінская вобласць) адбылася III зімовая адкрытая рэспубліканская спартакіяда работнікаў сістэмы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Арганізатарам спартакіяды выступіла Беларуская натарыяльная палата сумесна з Міністэрствам юстыцыі.

У спартакіядзе прынялі ўдзел 11 каманд: супрацоўнікаў цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі, галоўных упраўленняў юстыцыі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, а таксама прадстаўнікоў Беларускай натарыяльнай палаты, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг «БелЮрЗабеспячэнне». Удзельнікам спартакіяды неабходна было паказаць свае навыкі, праявіць спрыт і шпаркасць у лыжных гонках, лыжнай эстафеце, зімовай эстафеце «Вясёлыя старты», боўлінге, бадмiнтоне, стрытболе, настольным тэнісе, настольным хакеі, дартсе і кідках баскетбольнага мяча ў кальцо.

Першае месца ў каманды Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, другое – у галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. Каманда галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мiнгарвыканкама – на трэцім месцы. Чацвёртае месца па выніках спартакіяды заняла каманда Міністэрства юстыцыі. Пры гэтым, супрацоўнікі Мінюста занялі першае месца ў стрытболе, а таксама прызавыя месцы ў боўлінгу і бадмінтоне.

Усім пераможцам ва ўрачыстай абстаноўцы Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л. Сліжэўскі ўручыў медалі і дыпломы.

На думку ўдзельнікаў спартакіяды не так важныя яе вынікі: асноўная задача гэтага спартыўнага мерапрыемства – згуртаваць яго ўдзельнікаў, умацаваць здароўе, атрымаць зарад бадзёрасці, энергіі і добры настрой.

уверх