Каб памяталі. Фотадакументальная выстава «Уставай, краіна вялізная…»
На базе Міністэрства юстыцыі з 21 чэрвеня таксама экспануецца тэматычная выстаўка "Уставай, краіна вялізная…" Тут прадстаўлены дакументальныя матэрыялы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, прысвечаныя пачатковаму перыяду Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі.
Аглядную экскурсію па выставе для работнікаў міністэрства правялі кандыдат гістарычных навук вядучы архівіст Віталь Гарматны і Марына Бягун, намеснік загадчыка аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
«22 чэрвеня 1941 г. пачалася самая кровапралітная і страшная вайна ў гісторыі нашай краіны, якая з'явілася асноўнай часткай Другой сусветнай вайны 1939-1945 гадоў. Гэты дзень нагадвае нам пра ўсіх загінулых у баях, закатаваных у гітлераўскай няволі, якія памерлі ў тыле ад голаду і нягод. Мы смуткуем аб усіх, хто коштам свайго жыцця выканаў святы абавязак, абараняючы ў тыя суровыя гады сваю Айчыну», - адзначыў архівіст.
Да лета 1941 года нацысцкай Германіяй былі заняволены многія еўрапейскія краіны, і савецкі народ прыняў на сябе самы магутны ўдар, на які адказаў адзіным магутным супраціўленнем, стаяў у поўным сэнсе гэтага слова да смерці, абараняючы Айчыну.
Страты СССР склалі 40% усіх людскіх страт у Другой сусьветнай вайне. Каля аднаго мільёна савецкіх воінаў аддалі свае жыцці пры вызваленні народаў Еўропы.
Згодна з заключэннем Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў акупанты поўнасцю або часткова разбурылі звыш 1 700 гарадоў і пасёлкаў, звыш 70 000 сёл і вёсак СССР. Толькі прамая матэрыяльная шкода дзяржаве і насельніцтву склала 679 млрд рублёў (у коштах 1941 гады).
Панесеныя краінай людскія страты і матэрыяльны ўрон ад нямецка-фашысцкай агрэсіі ні з чым непараўнальныя. Гісторыя яшчэ не ведала такіх разбурэнняў, варварства і бесчалавечнасці, якімі адзначаны шлях гітлераўцаў па савецкай зямлі.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца ўнікальныя дакументы па тэме, якія прадстаўлены на выстаўцы: разведвальныя зводкі і спецпаведамленні Народнага камісара ўнутраных спраў БССР Л.Цанавы аб сітуацыі на мяжы і прылеглай тэрыторыі на 1941 год, Пастановы Ваеннага Савета Заходняй Асобай Ваеннай Акругі аб абаронных збудаванняў, аб ходзе забеспячэння РСЧА, дакладныя запіскі сакратара Брэсцкага абкама КП(б)Б М.М.Тупіцына ў ЦК ВКП(б) і ЦК КП(б)Б аб становішчы на фронце Брэст–Кобрынскага кірунку, унікальныя ваенныя карты, якія паказваюць дыслакацыю нямецкіх войскаў напярэдадні нападу на Савецкі Саюз, нямецкія карты акупаванага Мінска, распараджэнні савецкіх органаў аб эвакуацыі прадпрыемстваў і насельніцтва, дакументы аб арганізацыі партызанскага руху і рукапісныя выданні беларускіх партызан.
