Хатынь - святыня нацыянальнай памяці
Трагедыя невялікай беларускай вёскі Хатынь, якая была спалена нямецка-фашысцкімі акупантамі 22 сакавіка 1943 г., стала сусветна вядомым сімвалам генацыду, пакут і страт усяго насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні 80-годдзя журботнай даты ў Міністэрстве юстыцыі прайшлі памятныя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і недапушчэнне фальсіфікацыі айчыннай гісторыі.
У рамках спецыяльна арганізаванай на базе міністэрства тэматычнай выставы былі прадстаўлены ўнікальныя дакументальныя матэрыялы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
«Выяўленыя архіўныя дакументы дазваляюць падрабязна аднавіць храналогію трагедыі 22 сакавіка 1943 года, даведацца, як адшуквалі і судзілі карнікаў, як увекавечвалася памяць ахвяр генацыду, як ствараўся мемарыяльны комплекс «Хатынь», – адзначыла загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага азнаямленчай экскурсіі па выставе.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Селяменеў прачытаў для працаўнікоў міністэрства лекцыю, падчас якой асаблівую ўвагу надаў актуальным дасягненням айчыннай гістарыяграфіі – даследаванням беларускіх архівістаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, у якіх асвятляюцца «цёмныя плямы» гісторыі Хатынскай трагедыі.
“Нацыянальны архіў займаецца “хатынскай” тэмай ужо 15 гадоў. За гэты час была праведзена вялікая работа, у тым ліку - археаграфічная: выдадзена дзевяць зборнікаў, у якіх абнародаваны фундаментальны комплекс першакрыніц. Тэма асветлена ў поўнай меры. Аднак, на вялікі жаль, асобныя журналісты і непрафесійныя даследчыкі працягваюць тыражаваць розныя міфы пра тыя падзеі – альбо мэтанакіравана, альбо ад недахопу кампетэнцыі», - падкрэсліў Вячаслаў Дзмітрыевіч.
Асобна лектар спыніўся на досведзе супрацоўніцтва архівістаў з органамі пракуратуры ў рамках расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на працы па выяўленні і ўвекавечанні памяці «вогненных беларускіх вёсак», спаленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі поўнасцю або часткова, з насельніцтвам і без жыхароў, у 1941-1944 гадах.
