Чалавечы фактар - асноўная прычына лясных пажараў

Пра гэта ішла размова на навучальным занятку ў цэнтральным апараце Міністэрства юстыцыі. Перад работнікамі ведамства з лекцыяй і прэзентацыяй на тэму "Правілы бяспекі пры наведванні лясоў" сёння выступіў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Хахлоў.

У ходзе размовы ён расказаў аб найбольш распаўсюджаных небяспеках і сітуацыях, якія нясуць пагрозу для жыцця і здароўя грамадзян. Прывёў паказальныя прыклады і нагадаў пра асноўныя правілы бяспекі пры наведванні лясных масіваў.

Прадстаўнік МНС заклікаў усіх праяўляць свядомасць і адказнасць, бо асноўнай прычынай узнікнення лясных пажараў з'яўляецца чалавечы фактар. "Вогнішчы, непатушаныя запалкі і недакуркі ў месцах адпачынку, гульні дзяцей з агнём, спальванне смецця і сельскагаспадарчыя выпальванні - усё гэта часта абарочваецца стыхіяй, кантраляваць якую вельмі складана", - падкрэсліў Віталь Хахлоў.

Удзельнікам мерапрыемства былі прадэманстраваны навучальныя фільмы "Правілы спальвання смецця і развядзення вогнішчаў на садовых участках" і "Правілы бяспекі пры наведванні лясоў". У мэтах аператыўнага выкліку ратавальнікаў, атрымання іншай дапамогі ў экстраных сітуацыях прадстаўнік МНС парэкамендаваў спампаваць дадатак "Дапамога побач".

уверх