Каманда Міністэрства юстыцыі на турысцкім злёце органаў дзяржкіравання

Сёння завяршыўся трохдзённы турысцкі злёт работнікаў апаратаў органаў дзяржаўнага кіравання, які праводзіўся на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту.

Удзельнікі каманды Міністэрства юстыцыі пад назвай "Творцы права" ў чарговы раз даказалі, што ў адным з вядучых прававых ведамстваў краіны працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія могуць не толькі добрасумленна выконваць свае службовыя абавязкі. Фізічная падрыхтоўка, вытрымка і цягавітасць дазволілі паказаць дастойны вынік практычна ва ўсіх відах спартыўных спаборніцтваў. На п'едэстал гонару падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання ўзнімаліся нашы прадстаўнікі, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па тэхніцы воднага турызму (Вольга Шчарбініна, Яўген Какуша і Кірыл Стаякоў). У двух заплывах дыстанцыя была пройдзена імі без адзінай памылкі і на высокай хуткасці.

З чыстай душой і адкрытым сэрцам каманда Міністэрства юстыцыі рыхтавалася да творчай праграмы турзлёту. Завадны рытм і яркая анімацыя музычнай візітоўкі, аўтарскі тэкст песні, прысвечанай Году міру і стварэння, а таксама бездакорная харэаграфія знайшлі шырокі водгук сярод гледачоў і суддзяў. Традыцыйна ў музычных нумарах прыняла ўдзел першы намеснік Міністра юстыцыі Наталля Філіпава. Як вынік - заслужанае першае месца ў конкурсе "Прадстаўленне каманды".

"Самае галоўнае дасягненне нашых удзельнікаў - гэта атрыманы зарад бадзёрасці, станоўчых эмоцый, магчымасць праявіць такія якасці, як згуртаванасць, узаемавыручка, імкненне да перамогі і ўменне працаваць у камандзе", - адзначыў Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, сустрэўшыся з работнікамі ведамства пасля заканчэння конкурснай праграмы. .

Надоўга застануцца ў памяці ўдзельнікаў злёту сонечныя жнівеньскія дні на вяслярным канале, гарачыя эмоцыі ў запале спартыўных спаборніцтваў і зорныя вечарыны, праведзеныя ля вогнішча з песнямі пад гітару.

уверх