Гэты дзень мы набліжалі, як маглі
4 мая 2023 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася фотадакументальная выстава, падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і прымеркаваная да Дня Перамогі.
Для беларусаў 9 Мая - гэта гераічная дата, якой неабходна ганарыцца. Урокі мінулага трэба памятаць для мірнага жыцця будучых пакаленняў.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны ваявалі звыш 1 300 000 беларусаў, 374 000 партызан і звыш 70 000 падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупаванай ворагам тэрыторыі. Усяго дзейнічала 213 партызанскіх брыгад, у якія ўваходзіла каля 1000 атрадаў і 258 атрадаў дзейнічалі самастойна. Утоеныя партызанскія рэзервы складалі каля 400 000 мясцовых жыхароў. Усенародны рух супраціўлення па маштабе і размаху, які развярнуўся ў Беларусі, не мае аналагаў у сусветнай гісторыі. Пра маштабы ўсенароднай вайны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў гаворыць той факт, што на тэрыторыі Беларусі партызаны і падпольшчыкі знішчылі каласальную колькасць акупантаў і іх памагатых, пусцілі пад адхон 11 128 эшалонаў і 34 бронецягнікі, разграмілі 948 штабоў і 5 танкаў бронемашын.
За гераічныя подзвігі ў Вялікай Айчыннай вайне звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 449 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, 73 сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы, 4 беларусы сталі двойчы Героямі Савецкага Саюза (П.Я.Галавачоў, І.І.Фусак. Шутаў, І.І.Якубоўскі).
Беларусь дэманструе імкненне захаваць гістарычную памяць і праўду пра Вялікую Айчынную вайну, што ўвасабляецца ў парадах, урачыстых мерапрыемствах і акцыях. Гэты наратыў падтрымліваецца і мемарыяльнай палітыкай, аховай месцаў пахаванняў, мемарыяльных комплексаў, якія ўвекавечваюць памяць ахвяр вайны, гібель мірнага насельніцтва.
Палітыка памяці ў Беларусі дазволіла пазбегнуць нашай краіне тых "войнаў памяці", якія характэрны для іншых постсавецкіх краін. Нягледзячы на дыскусіі, якія вядуцца ў гістарычнай навуцы па найскладанейшых аспектах гісторыі Другой сусветнай вайны, у свядомасці беларусаў гэтая вайна застаецца Вялікай Айчыннай, і памяць аб ёй разглядаецца як найважнейшы сродак патрыятычнага і ідэалагічнага выхавання падрастаючага пакалення.
У фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь захаваўся вялізны масіў дакументаў, звязаных з удзелам беларусаў у Вялікай Айчыннай вайне: справаздачы аб баявой дзейнасці партызанскіх атрадаў і звесткі аб іх персанальным складзе, загады Народнага камісара абароны СССР, гісторыі партызанскіх атрадаў і брыгад, дзённікі камандзіраў асабістыя справы Герояў Савецкага Саюза, спісы работнікаў падполля, узнагародныя лісты на ўдзельнікаў баявых дзеянняў. Гэтыя і многія іншыя дакументы былі прадстаўлены на выставе.
Загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Маргарыта Старасценка пазнаёміла з выставай супрацоўнікаў цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі і Дэпартамента па архівах і справаводстве.
