Чарговы выпуск курсаў павышэння кваліфікацыі судовых выканаўцаў адбыўся ў Цэнтры падрыхтоўкі МУС
Ні для кога не сакрэт, што значную частку калектываў тэрытарыяльных падраздзяленняў прымусовага выканання складаюць жанчыны. Нароўні з мужчынамі выконваючы функцыі па рэалізацыі судовых рашэнняў, яны не саступаюць ім у стараннасці, працавітасці, напорыстасці, акуратнасці і педантычнасці. Асаблівасці паўсядзённай службовай дзейнасці прымушаюць праяўляць якасці тонкага псіхолага і аратара, валодаць шырокімі ведамі ў розных галінах права, умець аказаць першую медыцынскую дапамогу, а часам нават пастаяць за сябе ў канфліктнай сітуацыі.
Набыць і ўдасканаліць навыкі, неабходныя для фарміравання прафесійных якасцей судовых выканаўцаў, дапамагаюць арганізаваныя на сістэмнай аснове курсы павышэння кваліфікацыі ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства ўнутраных спраў.
Першы выпуск жаночай групы слухачоў адукацыйнай праграмы "Удасканаленне дзейнасці судовых выканаўцаў" адбыўся ў верасні бягучага года. І вось на чарговым урачыстым выпуску 20 кастрычніка ў Цэнтры падрыхтоўкі МУС падвялі вынікі пяцідзённых курсаў павышэння кваліфікацыі. З рук кансультанта галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Таццяны Дыбаль выпускніцы атрымалі адпаведныя пасведчанні.
Пажаданымі словамі судовым выканаўцам сталі пажаданні прафесійных поспехаў і кар'ернага росту. Прадстаўніцы прыгожага полу выказалі аднадушнае меркаванне, што дні, праведзеныя ў Цэнтры, уважлівасць і лагоднасць выкладчыцкага складу надоўга застануцца ў памяці, а атрыманыя веды і ўменні дапамогуць больш эфектыўна выконваць свае службовыя абавязкі.
