У Беларусі створана новая палітычная партыя
Рашэннем Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2023 года ажыццёўлена дзяржаўная рэгістрацыя Беларускай партыі "Белая Русь".
Устаноўчы з'езд па стварэнні гэтай палітычнай партыі адбыўся 18 сакавіка 2023 г. у горадзе Мінску. З боку заснавальнікаў Беларускай партыі "Белая Русь" выкананы ўсе ўмовы, неабходныя для стварэння і дзейнасці палітычнай партыі, устаноўленыя Законам Рэспублікі Беларусь "Аб палітычных партыях".
Мэтамі Беларускай партыі "Белая Русь" з'яўляюцца:
- забеспячэнне непахіснасці канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды;
- умацаванне незалежнай, моцнай, квітнеючай Беларусі і пабудова сацыяльна справядлівага грамадства, у якім кожны грамадзянін адчувае сябе свабоднай, самадастатковай, незалежнай асобай, чые здольнасці рэалізуюцца ў поўным аб'ёме;
- аб'яднанне грамадзян Рэспублікі Беларусь на аснове прыярытэтнасці нацыянальных інтарэсаў, культурных традыцый, гістарычнай памяці, патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа, імкнення да захавання суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы;
- фарміраванне палітычнай свядомасці і грамадскай думкі ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі Праграмы Партыі і давядзенне кансалідаванага волевыяўлення грамадзян да дзяржаўных і палітычных інстытутаў;
- удзел у кіраванні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў;
- развіццё грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь і канструктыўнае ўзаемадзеянне з усімі яе інстытутамі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка ўручыў кіраўніку Беларускай партыі "Белая Русь" Алегу Раманаву пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі і статут палітычнай партыі.
Міністр юстыцыі павіншаваў кіраўніка партыі з такой знамянальнай падзеяй, адзначыўшы, што ў дзейнасці створанай партыі асноватворнымі будуць ідэі стабільнасці, развіцця і незалежнасці нашай дзяржавы.
«Працу заснавальнікаў партыі ў працэсе рэгістрацыі можна назваць узорнай. На сённяшні дзень усе ўмовы, якія абазначаны ў нашым заканадаўстве, выкананы толькі адной партыяй - Беларускай партыяй "Белая Русь", - падкрэсліў Сяргей Хаменка.
