У Міністэрстве юстыцыі адкрылася дакументальная выстава "Рэкліквіі ваенных гадоў"
23 жніўня 2023 года ў Міністэрстве юстыцыі адкрылася дакументальная выстава "Рэліквіі ваенных гадоў", на якой прадстаўлены ўнікальныя ілюстрацыйныя матэрыялы - партызанскія малюнкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
Барацьба з нацысцкімі захопнікамі на беларускай зямлі з самых першых дзён вайны набыла масавы характар. У шэрагах партызанскіх і падпольных фармаванняў у 1941-1944 гадах змагалася каля 450 000 чалавек, а іх рэзервам, па сутнасці, быў увесь беларускі народ. Наша краіна па праве атрымала ганаровую мянушку "Рэспубліка-партызанка", бо акупанты ніколі не маглі адчуць сябе гаспадарамі на тэрыторыі Беларусі.
"Сімвалічна, што адкрыццё выставы прайшло 23 жніўня - у дзень 80-годдзя заканчэння Курскай бітвы, якая азнаменавала завяршэнне карэннага пералому ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта падкрэслівае значны ўклад беларускіх партызан і падпольшчыкаў у разгром нацыстаў - не толькі падчас гэтай, канкрэтнай бітвы, але і ў цэлым у Вялікую Перамогу 9 мая 1945 года! Можам, да прыкладу, успомніць, унікальную дыверсію Фёдара Крыловіча на чыгуначнай станцыі ў Асіповічах у ліпені 1943 года, калі ў ліку іншага было знішчана нямала нямецкай бронетэхнікі, уключаючы найноўшыя на той час танкі «Тыгр» і «Пантэра», якія так і не даехалі да Курскай дугі", - адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнага забеспячэння Міхаіл Скамарошчанка.
Прадстаўнікамі Нацыянальнага архіва была праведзена аглядная экскурсія па выставе для работнікаў Міністэрства юстыцыі і Дэпартамента па архівах і справаводстве.
Многія з прадстаўленых на выставе партызанскія малюнкі, нягледзячы на зразумелыя цяжкасці перыяду, у якім яны ствараліся, выкананы на вельмі высокім мастацкім узроўні, з асаблівай увагай да дэталяў, дзякуючы чаму з'яўляюцца не толькі каларытным гістарычным помнікам, але і каштоўнай крыніцай звестак аб партызанскім побыце.
У вельмі складаных умовах недахопу самага неабходнага партызаны малявалі самаробныя карты мясцовасці з абазначэннем размяшчэння гарнізонаў акупантаў, з нязменным гумарам выпускалі насценгазеты і самаробныя часопісы, у якіх змяшчалі замалёўкі са сваёй штодзённасці, а таксама карыкатуры на прадстаўнікоў варожай улады. Партызанскія выданні беражліва перадаваліся з рук у рукі, тым самым умацоўваючы маральны дух "лясных салдат" і мясцовага насельніцтва, іх веру ў немінучую Перамогу. А дзякуючы захаваным партрэтам "народных мсціўцаў" мы сёння можам убачыць сапраўдную галерэю партрэтаў герояў ваенных гадоў - вядомых і невядомых, юных і пажылых, суровых і забіяцка ўсмешлівых...
