Новыя веды ў рабоце са старымі дакументамі
Сучасныя падыходы да арганізацыі архіўнай справы ў Рэспубліцы Беларусь асвоілі работнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў, абласных і занальных дзяржаўных архіваў на базе факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
«Час не стаіць на месцы, у тым ліку і ў архіўнай галіне. З'яўляюцца новыя тэхналогіі, мяняюцца методыкі, удасканальваецца нарматыўная база. Усё гэта патрабуе новых ведаў, своечасовага павышэння прафесійнага ўзроўню спецыялістаў. Таму Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі сумесна з гістарычным факультэтам БДУ былі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі для работнікаў архіўных устаноў», - адзначыў дырэктар Дэпартамента Алег Воінаў.
Лекцыі праводзілі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адказныя работнікі Дэпартамента па архівах і справаводстве, высокакваліфікаваныя спецыялісты рэспубліканскіх архіўных устаноў.
У рамках курсаў з 15 па 19 мая прайшоў навучанне 31 працаўнік дзяржаўных архіўных устаноў з усёй рэспублікі.
Праграма заняткаў мела актуальную тэматыку і асвятляла шэраг пытанняў. У тым ліку: змен, унесеных у Закон Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 г. "Аб архіўнай справе і справаводстве"; забеспячэння архіўнага захоўвання электронных дакументаў; прымянення Інтэрнэт-тэхналогій для пашырэння доступу да архіўных дакументаў і г.д.
17 мая на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь адбыўся круглы стол "Сучасныя тэндэнцыі ў справаводстве і архіўнай справе" з удзелам першага намесніка дырэктара Дэпартамента Вольгі Лядоўскай.
У рамках мерапрыемства праведзена азнаямленне слухачоў курсаў з дзейнасцю Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і аглядная экскурсія па фондах архіва.
19 мая пад старшынствам Алега Воінава праведзены круглы стол "Сучасныя выклікі і магчымасці ў галіне кіравання дакументамі і архіўнай справы". У сваім выступленні дырэктар Дэпартамента спыніўся на надзённых пытаннях дзейнасці дзяржаўных архіваў на сучасным этапе: забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі архіўных рэсурсаў, арганізацыі працы з электроннымі дакументамі, павышэння даступнасці архіўнай інфармацыі.
Адбылося падвядзенне вынікаў курсаў павышэння кваліфікацыі з уручэннем слухачам пасведчанняў устаноўленага ўзору.
Работнікі архіўных устаноў высока ацанілі практычную значнасць курсаў, актуальнасць выбраных тэм вучэбнай праграмы і падкрэслілі важнасць такога прафесійнага навучання для ўмацавання кадравага патэнцыялу архіўнай галіны Беларусі.
Як адзначылі ў Дэпартаменце па архівах і справаводстве, павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў будзе прадоўжана. У перспектыве - арганізацыя аналагічных курсаў для работнікаў архіваў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.
