Сумесны праект Міністэрства юстыцыі і БЕЛТА "Архівы. Нічога, акрамя праўды" прэзентавалі ў Мінску

6 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя навукова-папулярнага выдання “Архівы. Нічога, акрамя Праўды».

Зборнік выдадзены Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім тэлеграфным агенцтвам.

У выданне ўвайшлі новыя выяўленыя архіўныя матэрыялы, якія сведчаць аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Апублікаваныя дакументы маюць вялікую каштоўнасць для патрыятычнага выхавання і фармавання грамадзянскай супольнасці.

Своеасаблівым эпіграфам да выдання паслужылі словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі:

«Памяць аб подзвігу пакалення пераможцаў праз час выступае вялікай аб'яднаўчай сілай, служыць жыццёвым арыенцірам для нас, якія не ведалі жахаў вайны і нягод пасляваеннага аднаўлення… Мы ведаем, набат праўды праб'ецца скрозь сцяну маўчання і хлусні. Злачынствам нацыстаў на беларускай зямлі будзе дадзена належная прававая ацэнка, а вынікі расследавання прадстаўлены сусветнай супольнасці. Беларусь памятае ўсіх герояў і бязвінных ахвяр той вайны. Памятае яна і імёны тых, хто супрацоўнічаў з ваеннымі злачынцамі і ўдзельнічаў у крывавых расправах з насельніцтвам».

У прэзентацыі прынялі ўдзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка адзначыў важнасць архіўных дакументаў, якія з'яўляюцца доказным фундаментам крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа, узбуджанага Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 года.

«Наша дзяржава і грамадства свята шануюць і захоўваюць памяць аб гераічных і трагічных падзеях нашай гісторыі. Выданне, якое прэзентуецца сёння, - гэта серыя артыкулаў і нарысаў аб малавядомых старонках генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэты сумесны праект Міністэрства юстыцыі і Беларускага тэлеграфнага агенцтва - важны ўклад у папулярызацыю гістарычнай Праўды, у работу па патрыятычнаму выхаванню грамадства. Гэта наша Памяць. Гэта веданне праз прызму пачуццяў і эмоцый. Гэта жыццёвы досвед», - падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Першы асобнік зборніка “Архівы. Нічога, акрамя Праўды» Міністрам юстыцыі перададзены Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Сертыфікаты на атрыманне зборніка былі ўручаны кіраўнікам міністэрстваў, палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.

Падчас прэзентацыі яе ўдзельнікам прадэманстраваны фільм пра зверствы нацыстаў на акупаванай беларускай тэрыторыі, падрыхтаваны ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў».

Перад прысутнымі выступілі Міністр інфармацыі Уладзімір Перцоў, дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч, Старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі Рэспублікі Беларусь Вадзім Лакіза. Загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Сяргей Кулінок расказаў удзельнікам мерапрыемства аб гісторыі стварэння кнігі “Архівы. Нічога, акрамя Праўды».

Падрабязнасці мерапрыемства ў матэрыялах БЕЛТА:

"Архівы. Нічога, акрамя праўды". Праект БЕЛТА і Мінюста аб злачынствах нацыстаў у Беларусі прэзентаваны ў Мінску

Хаменка аб выданні "Архівы. Нічога, акрамя праўды": гэта каласальная праца, аснова нашай гістарычнай праўды

Перцоў на прэзентацыі выдання "Архівы. Нічога, акрамя праўды": наш асноўны козыр - факты

ФОТАФАКТ: Прэзентацыя выдання "Архівы. Нічога, акрамя праўды" прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы

 

уверх