I Рэспубліканскі форум маладых адвакатаў завяршыў сваю працу

Сёння ў Мінску адбыўся І Рэспубліканскі форум савета маладых адвакатаў (СМА) Беларусі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі на чале з Міністрам Сяргеем Хаменкам, кіраўніцтва Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Тэнгіз Думбадзэ, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў, Саюза юрыстаў Беларусі, ЦК БРСМ.

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму, Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка адзначыў неабходнасць такіх мерапрыемстваў, асабліва ў Год міру і стварэння. Ён падкрэсліў значнасць маладзёжнага руху для далейшага развіцця не толькі адвакатуры, але і ў цэлым для будучыні Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, у рамках "адкрытага мікрафона" маладыя адвакаты змаглі задаць пытанні Сяргею Мікалаевічу.

З адказаў Міністра стала зразумела, што ён асаблівае значэнне надае настаўніцтву ў аспекце ўдасканалення і развіцця маладзёжнага руху ў адвакатуры. "Самым дастойным прафесіяналам сваёй справы можна назваць таго, каго вы называеце сваім настаўнікам", - выказаў меркаванне Міністр.

Адказваючы на пытанне: "якую б кнігу ён парэкамендаваў прачытаць адвакату", Сяргей Мікалаевіч звярнуў увагу на тую літаратуру, якая не толькі расказвае пра рэальныя падзеі, але і раскрывае шчырыя ўзаемаадносіны людзей. У прыватнасці, ён згадаў творчасць Валянціна Пікуля і Антуана дэ Сэнт Экзюперы.

Пасля дыялогу з адвакацкай моладдзю Сяргей Мікалаевіч уручыў памятную статуэтку старшыні СМА БРКА Вользе Каліне, падкрэсліўшы тым самым ролю і значнасць дзейнасці савета маладых адвакатаў Беларусі як для развіцця інстытута адвакатуры, так і для рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Аб неабходнасці работы з моладдзю гаварыў на форуме і старшыня БРКА Аляксей Швакоў. "Мы надаём важнае значэнне рабоце з моладдзю. Цяпер у адвакатуры адбываюцца своеасаблівыя працэсы абнаўлення. Мы спадзяемся на прыход новых маладых кадраў. Шмат часу ўдзяляем таму моманту, што адвакаты павінны з адказнасцю ставіцца да сваёй прафесіі, выканання заканадаўства, выканання правілаў прафесійнай. этыкі", - сказаў Аляксей Іванавіч.

Дыялогавая пляцоўка "Рада маладых адвакатаў у сістэме каштоўнасцей маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь" стала свайго роду справаздачнай для кіраўнікоў СМА тэрытарыяльных калегій. Яны расказалі аб выніках работы і асноўных планах. У прыватнасці, была закранута дзейнасць камісій па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў, па арганізацыі і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, таксама ўдзел у прававым і патрыятычным выхаванні моладзі, дабрачынных акцыях і іншыя пытанні.

Асаблівую ўвагу старшыня СМА БРКА Вольга Каліна звярнула на праблемы, выяўленыя па выніках анкетавання сярод маладых адвакатаў са стажам работы ад 1 да 3 гадоў. Сярод асноўных - адсутнасць кліенцкай базы, няўменне выбудоўваць правільныя ўзаемаадносіны з кліентамі, адсутнасць замацаванага за маладым адвакатам настаўніка. Вольгай Леанідаўнай было прапанавана выпрацаваць шэраг захадаў, накіраваных на падтрымку маладых адвакатаў.

На заканчэнне ўрачыстай часткі мерапрыемства Старшынёй БРКА Аляксеем Шваковым была ўзнагароджана Кацярына Грыцкевіч, пераможца першага Беларускага рэспубліканскага конкурсу аратарскага майстэрства сярод маладых адвакатаў.

Адвакаты таксама былі ўзнагароджаны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі дыпломамі за актыўны ўдзел у рэспубліканскіх акцыях і мерапрыемствах.

Форум прадоўжыўся наведваннем членамі Савета маладых адвакатаў Рэспублікі Беларусь музея Вялікай Айчыннай вайны.
уверх