Сустрэча са студэнтамі Юрыдычнага каледжа БДУ ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва
Пад знакам Года гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы Беларусі 27 студзеня 2022 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася сустрэча супрацоўнікаў архіва-музея з будучымі юрыстамі–студэнтамі 1 курса УА “Юрыдычны каледж Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”.
Сустрэча пачалася з лекцыі дырэктара архіва-музея Г.В.Запартыкі “Гісторыя і дзейнасць Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва: дакументы і фонды”. Па выніках лекцыі, па прапанове аўдыторыі, былі абмеркаваны тэмы “Архівы Беларусі на службе маладых даследчыкаў”, “Гісторыя старажытнага будынка па вул. Кірылы і Мяфодзія, дзе размешчаны Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі”.
У межах сустрэчы былі праведзены экскурсіі па выставах “Зіма мастацкая і паэтычная”, “З сусветам тады загаворыш!..” (да 95-годдзя літаратурнага згуртавання “Узвышша”). Студэнтам былі прадэманстрыраваны арыгіналы архіўных дакументаў і музейныя экспанаты.
Напрыканцы сустрэчы Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва перадаў у бібліятэку каледжа свае выданні апошніх гадоў: зборнік ваенных дзённікаў беларускіх пісьменнікаў “Мы жылі ў буднях барацьбы…”, нотнае выданне “Лірычная мелодыя: творы беларускіх кампазітараў ХІХ-ХХ стагоддзяў у перакладанні для камернага ансамбля”, музычны кампакт-дыск з фартэпіяннымі творамі беларускага кампазітара Льва Абеліёвіча, юбілейны буклет “Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва – скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва” і іншыя.
