Падведзены вынікі Рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану
28 кастрычніка 2022 г. у адпаведнасці з Планам правядзення фіналу агляду-конкурсу, зацверджаным Міністрам юстыцыі Хаменка С.Н., у міністэрстве адбылося пасяджэнне конкурснай камісіі па падвядзенні вынікаў і вызначэнні пераможцаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану.
Пры падвядзенні вынікаў конкурснай камісіяй улічвалася колькасць набраных удзельнікамі конкурсу балаў па дзесяцібальнай сістэме і адпаведнасць урачыстага абраду наступным крытэрам: агульная арганізацыя правядзення абраду; змест і культура ўрачыстай гаворкі; музычнае афармленне, эстэтычнасць, узровень агульнай культуры і мастацкае выкананне абраду; прытрымліванне беларускім традыцыям; імідж (знешні выгляд) вядучага, які ажыццяўляе ўрачыстую цырымонію.
Пасля дэталёвага абмеркавання члены конкурснай камісіі вызначылі пераможцаў у трох намінацыях конкурсу: "Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстага абраду - рэгістрацыя заключэння шлюбу", "Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстага абраду - рэгістрацыя нараджэння", "Лепшы вядучы па правядзенні юбілейнай урачыстасці", а таксама дыпламантаў. конкурсу.
Аднак, каб захаваць інтрыгу, аб'явіць вынікі конкурсу і ўзнагародзіць пераможцаў было вырашана пры правядзенні ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага 105-й гадавіне органаў загса, якая будзе адзначацца 18 снежня бягучага года.
Пасля завяршэння пасяджэння былі аб'яўлены Падзякі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь начальніку галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага гарвыканкама Андрэю Мальцаву і начальніку Палаца грамадзянскіх абрадаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага гарвыканкама Юліі Кочынай за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні фіналу агляду-конкурсу.
У заключным слове намеснік Міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў адзначыў значнасць правядзення аглядаў-конкурсаў прафесійнага майстэрства работнікаў органаў загса ў мэтах распаўсюджвання перадавых ідэй і азнаямлення з вопытам работы па правядзенні ўрачыстых рэгістрацый заключэння шлюбу, нараджэння, ушаноўвання юбіляраў шлюбнага жыцця.
