Не застацца абыякавым
З кожным днём усё больш жыхароў нашай паўднёвай суседкі знаходзяць прытулак у Беларусі. Па афіцыйных дадзеных толькі за мінулыя выходныя больш за дзве тысячы чалавек перасеклі мяжу ў пошуках мірнага і спакойнага жыцця. Мясцовыя органы ўлады, працоўныя калектывы і проста неабыякавыя грамадзяне аказваюць уцекачам неабходную дапамогу.
Не застаецца ўбаку і юрыдычная супольнасць. Беларускай натарыяльнай палатай, тэрытарыяльнымі калегіямі адвакатаў прыняты рашэнні аб вызваленні ад выплаты натарыяльных тарыфаў і аказанні бясплатнай юрыдычнай дапамогі грамадзянам Украіны па шэрагу пытанняў, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю.
Самы актыўны ўдзел у акцыі па зборы гуманітарнай дапамогі для бежанцаў прыняла пярвічная арганізацыя Міністэрства юстыцыі ГА «БСЖ». Жаночым актывам сабраны і перададзены маючым патрэбу прадметы першай неабходнасці: сродкі гігіены, адзенне для дзяцей і дарослых, цацкі і многае іншае.
У нашых сілах падтрымаць тых, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, для каго домам сёння стала наша гасцінная Беларусь.
