Работнікі цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі наведалі Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

27 кастрычніка 2022 г. работнікі цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі ў рамках планавых заняткаў наведалі ўстанову «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» у г. Дзяржынску.

Гасцям архіва падрабязна расказалі пра гісторыю ўстановы, відавую і тэматычную разнастайнасць дакументаў, якія захоўваюцца, асноўныя формы іх выкарыстання ў выставачнай, публікацыйнай, адукацыйнай і інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці. Да ліку новых папулярных форм абнародавання і папулярызацыі дакументаў адносіцца праца па размяшчэнні відэаматэрыялаў архіва на ўласным YouTubе-канале архіва «БГАКФФД».

Архівісты падкрэслілі асаблівую запатрабаванасць дакументальных матэрыялаў у Год гістарычнай памяці і асобна спыніліся на праведзенай рабоце па аказанні садзейнічання органам пракуратуры ў расследаванні крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.

У ходзе агляднай экскурсіі работнікі міністэрства пабывалі ў архівасховішчах, у якіх захоўваюцца ўнікальныя аўдыёвізуальныя дакументы ХIX–XXI стагоддзяў са складу Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь (фатаграфіі, відэаматэрыялы, фоназапісы). Як адзначылі ўдзельнікі занятку: «Дзякуючы знаёмству з гэтымі матэрыяламі гісторыя ў літаральным сэнсе ажывае на тваіх вачах».

Госці архіва змаглі паназіраць за працай спецыялістаў, якія займаюцца рэстаўрацыяй і аблічбоўкай дакументальных матэрыялаў, а таксама атрымаць некалькі практычных парад па ўпарадкаванні сваіх сямейных кінафотафанаархіваў.

Напрыканцы заняткаў для работнікаў Міністэрства юстыцыі быў арганізаваны прагляд дакументальнай хронікі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі і пасляваенным аднаўленні народнай гаспадаркі Беларусі.

уверх