Падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне выканаўчага вядзення паміж Беларуссю і Таджыкістанам.

У перыяд з 27 па 30 ліпеня бягучага года праходзіць візіт у Рэспубліку Беларусь дэлегацыі Службы выканання пры Урадзе Рэспублікі Таджыкістан на чале з начальнікам Службы Саідвалізода Барна Саідабі. У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі начальнік упраўлення арганізацыі і нагляду выканання выканаўчых дакументаў Ніёзі Кіёмідзін і загадчык сектара міжнародных адносін Насімі Назірджон.

Сёння ў канферэнц-зале "Прэм'ер" гасцініцы "Прэзідэнт-Гатэль" адбылася сустрэча гасцей з прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам Міністра юстыцыі Сяргеем Каліноўскім. Падчас сустрэчы беларускі бок прэзентаваў матэрыялы аб дзейнасці органаў прымусовага выканання. Аб перспектывах развіцця выканаўчай вытворчасці ў інфармацыйнай сферы расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Сяргей Нікель. Начальнік упраўлення ацэнкі і рэалізацыі маёмасці РУП па аказанні паслуг "БелЮрЗабеспячэнне" Ларыса Есіна азнаёміла прадстаўнікоў таджыкскай дэлегацыі з парадкам канфіскацыі, ацэнкі і рэалізацыі арыштаванай маёмасці.

У ходзе далейшых зносін бакі абмяняліся вопытам па асобных напрамках дзейнасці, азнаёміліся з лічбавымі паказчыкамі выканаўчай вытворчасці дзвюх краін, а таксама абазначылі найбольш актуальныя пытанні ўзаемадзеяння бакоў. Афіцыйная частка сустрэчы завяршылася падпісаннем Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Службай выканання пры Урадзе Рэспублікі Таджыкістан у галіне выканаўчага вядзення.

У якасці асноўных напрамкаў супрацоўніцтва вызначаны абмен вопытам у галіне прымусовага выканання, учынення выканаўчых дзеянняў па вышуку даўжнікоў і іх маёмасці, укаранення сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, абмен інфармацыяй і дакументамі адносна заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, арганізацыя канферэнцый, семінараў, трэнінгаў для абмену вопытам, навучання і павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў.

«Органы прымусовага выканання маюць напрацаваны досвед, які сапраўды сёння можна перадаць. Гэта датычыцца арганізацыі працы, нарматворчасці, і што самае галоўнае, электронных тэхналогій. Гэтую сферу дастаткова складана развіваць кожнаму ў асобнасці. Наша напрацоўка гатовая, яе можна ўкараняць, выкарыстоўваць і атрымліваць досвед. Апроч абмену вопытам, міжнароднае супрацоўніцтва прадугледжвае прававую абарону нашых грамадзян і выкананне дакумента на тэрыторыях іншых дзяржаў. На што мы і павінны выйсці ў найбліжэйшай перспектыве. Гэта вельмі важна таму, што нашыя грамадзяне і нашыя даўжнікі часам пражываюць на іншай тэрыторыі. Адпаведна, трэба выпрацоўваць міжнародныя пагадненні, дамоўленасці па абмене інфармацыяй, досведам, дэлегацыямі, будзем выступаць кансультантамі па сферах, якія ў нас падобныя», - адзначыў намеснік Міністра юстыцыі Сяргей Каліноўскі.

Пасля падпісання Мемарандума ўдзельнікі сустрэчы ўсклалі кветкі да Манумента Перамогі і помніка супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ваеннаслужачым унутраных войскаў, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку.

У рамках візіту галоўным упраўленнем юстыцыі Мінгарвыканкама сумесна з Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь арганізаваны прыём таджыкскай дэлегацыі на базе аддзела прымусовага выканання Фрунзенскага раёна г. Мінска.

Начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Андрэй Мальцаў, намеснік начальніка ўпраўлення прымусовага выканання Марына Дабравольская і начальнік аддзела прымусовага выканання Фрунзенскага раёна г.Мінска Вольга Мельнікава расказалі гасцям аб сістэме органаў прымусовага выканання Рэспублікі Беларусь на прыкладзе аддзела, азнаёмілі з сучаснымі метадамі работы у сферы прымусовага выканання і міжведамаснага ўзаемадзеяння.

Па выніках сустрэчы бакі абмяняліся вопытам па павышэнні якасці выканання выканаўчых дакументаў. Прадстаўнікі Таджыкістана на высокім узроўні ацанілі арганізацыю работы судовых выканаўцаў Рэспублікі Беларусь.

У праграму візіту таксама ўключаны наведванні памятных мясцін г. Мінска і Мінскай вобласці, экскурсія па музеі Міністэрства ўнутраных спраў, Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і іншым гістарычным аб'ектам.

уверх