Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка прыняў удзел у пасяджэнні Жлобінскага райвыканкама

Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка з працоўным візітам наведаў Жлобін. Кіраўнік Міністэрства прыняў удзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Жлобінскага раёна за 9 месяцаў.

У графіцы Сяргея Хаменкі быў таксама асабісты прыём грамадзян, на які па дапамогу і садзейнічанне міністра прыйшлі тры жыхары раёна. Адна жлабінчанка, выклаўшы сваю праблему, якая заключаецца ў спрэчцы аб праве атрымання ў спадчыну нерухомасці, прасіла растлумачыць заканадаўства, якое датычыцца дадзенай тэмы. Жыхарка Вялікіх Рогаў наракала на несправядлівае рашэнне суда. Ветэран працы, былая работніца аднаго з прадпрыемстваў, звярнулася да міністра па садзейнічанне: ёй адмовілі ў выплаце матэрыяльнай дапамогі як непрацуючаму пенсіянеру.

Кожную просьбу Сяргей Хаменка ўважліва выслухаў, пракаментаваў і растлумачыў, а таксама даручыў разабрацца ў няпростай сітуацыі ветэрана працы і па магчымасці аказаць грашовую дапамогу.

Свой працоўны візіт Сяргей Хаменка працягнуў наведваннем падведамных Міністэрству юстыцыі ўстаноў і арганізацый – загса, натарыяльнай канторы, юрыдычнай кансультацыі, службы "адно акно", аддзела прымусовага выканання. Сяргей Мікалаевіч цікавіўся станам спраў і знаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай.

У аддзеле прымусовага выканання міністр сустрэўся з калектывам, дзе на абмеркаванне былі вынесены ўнутраныя пытанні службы. Размова ішла таксама аб дзяржаўнай і харчовай бяспецы краіны, беспярэчным выкананні заканадаўства, а таксама грамадскім абмеркаванні праекта Закона аб Усебеларускім народным сходзе. Гаворачы аб УНС, Сяргей Хаменка адзначыў:

- Усе мы - удзельнікі сур'ёзнага перыяду ў развіцці Беларусі. Мы прынялі Канстытуцыю са зменамі і дапаўненнямі, якая ўдасканальвае працу розных структур, у тым ліку і Усебеларускага народнага сходу. УНС - гэта вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Беларусі, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы. Якім будзе сход - вырашаць нам з вамі. Зараз шырока праходзіць абмеркаванне Закона, што дае магчымасць кожнаму грамадзяніну, які актыўна ўдзельнічае ў жыцці краіны, патрыёту паўплываць на будучыню Беларусі.

У цэлым Сяргей Хаменка станоўча ацаніў работу службаў, адзначыўшы высокую інфармаванасць і своечасовае выкананне пастаўленых задач.

У працы прынялі ўдзел старшыня Жлобінскага райвыканкама Сяргей Ярэц, начальнік упраўлення арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мазур, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Арцём Камалыеў, начальнік упраўлення прымусовага выканання - галоўны судовы выканаўца па Гомельскай вобласці Дзмітрый Кухараў.

Па матэрыялах карэспандэнта Жлобінскай раённай газеты "Новы дзень" Таццяны Скобелевай.

уверх