З падзякай за шматгадовую плённую працу

Сёння ў цэнтральным апараце Міністэрства юстыцыі ўшаноўвалі адразу трох кіраўнікоў структурных падраздзяленняў у сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак.

Аляксей Аляксеевіч Алешын, які ўзначальваў упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з 2000 года, дзяржаўнай службе прысвяціў 28 гадоў. За гэты перыяд прайшоў шлях ад кансультанта да кіраўніка падраздзялення, якое забяспечвае знешнія сувязі ведамства. Спалучэнне эрудзіраванасці Аляксея Аляксеевіча, глыбокіх спазнанняў у літаратуры і мастацтве з высокім прафесіяналізмам і найбагатым вопытам працы дазваляла лёгка знаходзіць агульную мову з прадстаўнікамі замежных дэлегацый рознага ўзроўню.

Начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў Марыя Іванаўна Жандарава да прыходу ў Міністэрства юстыцыі 12 гадоў адпрацавала ў судзе Савецкага раёна г. Мінска архіварыусам, затым сакратаром судовага пасяджэння. Ужо ў нашым ведамстве працоўную дзейнасць працягнула на пасадзе кансультанта ўпраўлення прававога забеспячэння знешніх сувязяў. Адметна, што кіравала аддзелам выканання міжнародных дагавораў Марыя Іванаўна 25 гадоў. Пры гэтым, як адзначаюць калегі, уласцівыя ёй маладосць, прыгажосць, душэўная цеплыня не згасаюць у ёй і па сённяшні дзень. Высокія дзелавыя якасці Марыі Іванаўны былі высока ацэнены ў перыяд прафесійнай дзейнасці, аб чым яскрава сведчаць дзяржаўная ўзнагарода медаль "За працоўныя заслугі" і вялікі пералік заахвочванняў ад кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання.

27 гадоў працы ў органах сістэмы Мінюста прысвяціла Галіна Міхайлаўна Ткачова. Па службовай лесвіцы рухалася цвёрда і ўпэўнена ад пасады справавода, судовага выканаўцы суда Мінскага раёна і г.Заслаўя да намесніка начальніка ўпраўлення арганізацыі дзейнасці галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі. Вопыт, набыты ёю на пасадах рознага ўзроўню, дазваляў з лёгкасцю вырашаць стаячыя службовыя задачы, быць чулым настаўнікам, уважлівай калегай у калектыве галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання. Галінай Міхайлаўнай было прынятае рашэнне застацца ў шэрагах першаснай прафсаюзнай арганізацыі Мінюста, каб душой і карыснымі справамі быць побач са сваім калектывам, сваёй другой сям'ёй.

Першы намеснік Міністра юстыцыі Наталля Філіпава выказала словы ўдзячнасці і падзякі за той уклад, які быў унесены нашымі аксакаламі ў развіццё сваіх напрамкаў службовай дзейнасці.

«Вамі была зададзена высокая планка для падрастаючага пакалення. Спадзяюся, што маладыя спецыялісты змогуць і надалей пераймаць ад ветэранаў не толькі багаты вопыт, але і добрасумленнае стаўленне да справы, пачуццё адданасці абранай прафесіі», - сказала Наталля Мікалаеўна.

Намеснік Міністра Мікалай Старавойтаў адзначыў, што адыходзяць настаўнікі, якія навучалі моладзь, закладвалі асноўныя традыцыі службы, умацоўвалі аўтарытэт Міністэрства юстыцыі як сярод рэспубліканскіх дзяржорганаў, так і на міжнародным узроўні.

Загадам міністра Аляксей Алёшын, Марыя Жандарава, Галіна Ткачова за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Усё мерапрыемства праходзіла ў сяброўскай атмасферы сентыментальнасці і прыемных кранальных успамінаў.

Напрыканцы Наталля Філіпава адзначыла: «Упэўнена, што выкажу агульную думку, сказаўшы, што дзверы Міністэрства юстыцыі ў любы час адчыненыя нашым паважаным ветэранам. Мы будзем радыя вам заўсёды».


уверх