Сяргей Хаменка: Ад пісьменнасці кіраўніка залежыць сацыяльны настрой у калектыве

Пытанні дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і работы са зваротамі грамадзян сталі ключавымі падчас рабочай паездкі Міністра юстыцыі ў Валожынскі раён Мінскай вобласці 24 сакавіка.

На пасяджэнні Валожынскага райвыканкама з удзелам Сяргея Хаменкі, начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама Аляксандра Бачыла і прадстаўнікоў іншых органаў дзяржаўнага кіравання разгледжана пытанне рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 года №2 "Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці".

У дакладзе кіраўніка спраў выканкама Наталлі Жукоўскай былі агучаны не толькі асноўныя мерапрыемствы, якія праводзяцца мясцовай адміністрацыяй па рэалізацыі патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы, але і найбольш праблемныя пытанні ў рабоце розных арганізацый раёна, якія хвалююць грамадзян. Сярод іх - праца транспарту, дарожных і камунальных службаў. Шэраг кіраўнікоў, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні выканкама, пачулі на свой адрас крытычныя заўвагі і патрабаванні па неадкладным прыняцці неабходных мер у выпадку ўзнікнення сітуацый, якія ўплываюць на нармальную жыццядзейнасць раёна.

У сувязі з гэтым Сяргей Хаменка ўказаў на неабходнасць сіламі прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі павышаць прафесійны ўзровень кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі раёна, кантраляваць правядзенне імі прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў грамадзян, унікаючы ў сутнасць кожнага звароту.

«Просты працаўнік дзяржава бачыць у асобе кіраўніка: брыгадзіра, старшыню, дырэктара. Ад яго юрыдычнай пісьменнасці, прафесійных і асобасных якасцей, умення ствараць атмасферу справядлівасці ў калектыве залежыць, скажам так, сацыяльны настрой у арганізацыі, адпаведна далей у горадзе, раёне і ў вобласці ў цэлым. І гэтаму трэба вучыць. Таму неабходна праводзіць навучальныя мерапрыемствы на ўзроўні райвыканкамаў, аблвыканкамаў з кіраўнікамі прадпрыемстваў, у тым ліку па пытаннях разгляду скаргаў і зваротаў грамадзян на месцах», - падкрэсліў кіраўнік ведамства.

У рамках рабочага візіту Міністра юстыцыі была запланавана сустрэча з работнікамі органаў і арганізацый сістэмы Міністэрства юстыцыі, што размешчаны ў Валожынскім раёне.

Азнаямленне з арганізацыяй работы аддзела загса правяла начальнік аддзела Ірына Субач. Дадатнае ўражанне зрабіла не толькі добраўпарадкаванасць памяшканняў, але і парадак захоўвання актаў запісу грамадзянскага стану ў архіве, самыя першыя з якіх датуюцца 1945-м годам.

Начальнік аддзела прымусовага выканання Валожынскага раёна Алеся Амілаўская ў ходзе наведвання будынка падраздзялення далажыла Міністру юстыцыі асноўныя паказчыкі службовай дзейнасці, найбольш праблемныя пытанні ў арганізацыі выканаўчай вытворчасці. Адказала на пытанні па разглядзе зваротаў грамадзян і спагнанні запазычанасцей у бюджэт. Сяргей Хаменка акцэнтаваў увагу кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама і АПІ на ўладкаванні пакоя прыёму грамадзян і арганізацыі прапускнога рэжыму ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Пацікавіўся арганізацыяй работы па інфармаванні насельніцтва раёна аб дзейнасці судовых выканаўцаў, накіраванай на фармаванне станоўчага іміджу сістэмы.

Невялікія, але ўтульныя памяшканні юрыдычнай кансультацыі, размешчаныя ў адным будынку з аддзелам прымусовага выканання, прадставіла загадчыца кансультацыі Святлана Нахай. Паводле яе слоў, штатнай колькасці ў 2 адзінкі цалкам хапае для задавальнення патрэбнасцей насельніцтва раёна ў аказанні адвакацкіх паслуг, забеспячэнні пасяджэнняў суда і аказанні іншай прававой дапамогі.

У завяршэнне рабочага візіту Міністр юстыцыі ў Валожынскім райвыканкаме правёў асабісты прыём грамадзян. Шырокі спектр пытанняў, якія хвалявалі жыхароў раёна, быў разгледжаны з удзелам кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, старшыні Валожынскага райвыканкама, кіраўніцтва адвакатуры і натарыята вобласці. Па зваротах, якія ўваходзяць у кампетэнцыю ведамства, заяўнікам былі дадзены вычарпальныя растлумачэнні ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Асобныя пытанні патрабавалі дадатковай прапрацоўкі на ўзроўні мясцовай адміністрацыі, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі структурамі. Міністрам юстыцыі па іх былі дадзены асобныя даручэнні, вынікі іх разгляду ўзяты на асабісты кантроль.

уверх