Круглы стол, прымеркаваны да гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і прэзентацыя зборніка дакументаў з серыі «Без тэрміна даўнасці», прысвечанага Брэсцкай вобласці

22 чэрвеня 2022 г. у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-Герой” пад эгідай Саюзнай дзяржавы адбылося пасяджэнне Круглага стала, прымеркаванага да гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Мерапрыемства прайшло ў фармаце відэамоста Брэст-Масква. У пасяджэнні прынялі ўдзел Дзяржаўны Сакратар Саюзнай дзяржавы Д.Ф.Мезенцаў, прадстаўнікі Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, міністэрстваў, ведамстваў, мясцовых органаў улады, навуковых, архіўных, музейных і навучальных устаноў, ветэранскіх і грамадскіх арганізацый Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся дырэктар Службы знешняй разведкі Расійскай Федэрацыі, Старшыня Расійскага гістарычнага таварыства С.Я.Нарышкін, памочнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, Старшыня Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі “Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства” У.Р.Медзінскі, намеснік сакратара Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі, дырэктар Музея Перамогі А.Я.Школьнік, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Ю.В.Шулейка, губернатар Бранскай вобласці А.В.Багамаз, Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі К.І.Касачоў.

У рамках Круглага стала абмяркоўваліся актуальныя пытанні вывучэння, захавання памяці і супрацьдзеяння спробам фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У пасяджэнні прыняў удзел дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І.Кураш. У сваім выступленні ён адзначыў, што тэма Вялікай Айчыннай вайны займае адно з ключавых месц у навукова-даследчай і асветніцкай дзейнасці архіўных устаноў рэспублікі. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе было выдадзена больш за 20 зборнікаў дакументаў і падрыхтавана больш за 40 выставак, у якіх знайшлі адлюстраванне розныя пытанні беларускай гісторыі за гэты перыяд. Дзякуючы навукова-даследчай рабоце, праведзенай дзяржаўнымі архівамі, у айчыннай гістарыяграфіі сфарміраваны моцны дакументальны фундамент для выкрыцця злачынстваў нацысцкіх акупантаў на беларускай зямлі. Назапашаны вопыт вывучэння і абнародавання дакументальных матэрыялаў сёння дапамагае беларускім архівістам аператыўна аказваць садзейнічанне работнікам пракуратуры ў расследаванні крымінальнай справы па факту генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.

Таксама ў гэты дзень на базе Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. М.Горкага прайшла прэзентацыя зборніка дакументаў і матэрыялаў з серыі “Без тэрміну даўнасці” аб злачынствах нацысцкіх акупантаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У зборніку апублікавана 212 дакументаў, якія пераканаўча сведчаць аб мэтанакіраванай і спланаванай палітыцы нацысцкага генацыду. Выданне ўключае два раздзелы – “Нацысцкая палітыка генацыду і выпаленай зямлі” і “Расследаванне злачынстваў нямецкіх акупантаў”. Дакументальную частку зборніка дапаўняюць чатыры даведачныя дадаткі: “Спіс месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Брэсцкай вобласці”, “Спіс месцаў масавага знішчэння і дэпартацыі яўрэяў на акупаванай тэрыторыі Брэсцкай вобласці”, “Спіс найбольш буйных нямецкіх і венгерскіх карных аперацый, праведзеных у Брэсце вобласці ў 1941–1944 гг.” і “Спіс сельскіх населеных пунктаў, знішчаных нямецкімі акупантамі поўнасцю або часткова”. Зборніку папярэднічае зварот да чытачоў дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І.Кураша, кіраўніка Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі А.М.Артызова, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук, акадэміка А.А.Кавалені, дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.К.Дземянюка.

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І.Кураш, які прымаў удзел у прэзентацыі, адзначыў, што народ Беларусі свята шануе памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны і прыкладае ўсе намаганні для таго, каб не дапусціць паўтарэння такіх трагічных падзей у будучыні. Ён звярнуў увагу прысутных, што ў бліжэйшы час убачыць свет шостая кніга серыі “Без тэрміну даўнасці” (па Мінскай вобласці і г. Мінску), якая завершыць двухгадовую працу беларускіх архівістаў над гэтым фундаментальным праектам. Пасля выхаду названага тома ўсе зборнікі серыі будуць размешчаны ў электронным выглядзе ў адкрытым доступе на інтэрнет-сайце “Архівы Беларусі”.

Удзел у прэзентацыі дакументальнага выдання таксама прынялі работнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, студэнты і выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.С.Пушкіна, гісторыкі, краязнаўцы, прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання, грамадскасці, сродкаў масавай інфармацыі.

уверх