Выходныя на Кургане Славы. Мінаблвыканкам запускае пазнавальны праект да Года гістарычнай памяці
З 21 мая і да канца лета па выхадных днях на мемарыяльным комплексе "Курган Славы" будуць праводзіцца выставачныя мерапрыемствы, прысвечаныя Году гістарычнай памяці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў прэс-службе Мінскага аблвыканкама.
Арганізатарам праекта выступіў Мінскі аблвыканкам. "Традыцыя праводзіць у гэтым святым і любімым для ўсіх беларусаў месцы тэматычныя выставы ўзнікла летась. І трэба адзначыць, што экспазіцыі розных арганізацый, аб'яднанняў і структур Мінскай вобласці знайшлі шырокі водгук у жыхароў і гасцей цэнтральнага рэгіёну і сталіцы, штотыдзень у пошуках новых уражанняў на "Кургане Славы" збіраліся тысячы наведвальнікаў. Добрае пачынанне, як вядома, заўсёды мае працяг. А цяпер гэта асабліва актуальна. Бо калі, як не ў Год гістарычнай памяці трэба з падвоенай сілай далучаць людзей да культурнай і гістарычнай спадчыны вобласці, краіны, на прыкладзе нашых слаўных абаронцаў Айчыны выхоўваць у моладзі патрыятызм, папулярызаваць здаровы лад жыцця і павагу да нашых традыцый", - адзначылі ў прэс-службе Мінскага аблвыканкама.
Як расказалі ў Мінаблвыканкаме, у гэтым сезоне гасцей мемарыяльнага комплексу "Курган Славы" чакае шмат цікавага. Свае магчымасці прадставяць грамадскія аб'яднанні, прафесійныя саюзы, прамысловыя прадпрыемствы, сродкі масавай інфармацыі, навучальныя ўстановы, спартыўныя ўстановы, установы культуры і многія іншыя. Таксама кожныя выхадныя ў рамках выставы будзе праводзіцца прэзентацыя аднаго ці двух раёнаў Мінскай вобласці. Па выніках усіх выставачных дзён будуць вызначаны пераможцы. Аддаць свой голас за ўпадабаную экспазіцыю зможа кожны наведвальнік выставы. Будзе арганізавана ў тым ліку і анлайн-галасаванне ў Telegram-канале Мінскай вобласці.
Выставы на мемарыяльным комплексе "Курган Славы" будуць працаваць у суботу і нядзелю з 11.00 да 16.00.
Па матэрыялах БЕЛТА
