Ліцэнзаванне юрыдычных паслуг: ці лёгка здаць атэстацыйны іспыт

Міністэрства юстыцыі нагадвае, што з 1 студзеня 2023 г. уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 2022 г. № 213-З "Аб ліцэнзаванні", які крыху змяніў падыходы да ліцэнзавання юрыдычных паслуг.

Так, для ажыццяўлення гэтага віду дзейнасці работнікам кампаній і індывідуальным прадпрымальнікам неабходна здаваць у Міністэрстве юстыцыі атэстацыйны экзамен і атрымліваць пасведчанне аб атэстацыі асобы, якая аказвае юрыдычныя паслугі.

Згодна з пераходнымі палажэннямі Закона дзеючыя ліцэнзіяты абавязаны да 1 ліпеня 2023 г. прывесці сваю дзейнасць у адпаведнасць з новымі ліцэнзійнымі патрабаваннямі.

У сваю чаргу, Міністэрства юстыцыі абавязана даць магчымасць здаць атэстацыйны іспыт да пазначанай даты ўсім юрыстам - ліцэнзіятам. Такіх больш за 2 000 чалавек.

У мэтах належнай арганізацыі ўсяго працэсу Міністэрствам юстыцыі зацверджана праграма падрыхтоўкі да атэстацыйнага экзамену для прэтэндэнтаў на атрыманне пасведчання аб атэстацыі асобы, якая аказвае юрыдычныя паслугі, і сфарміраваны графікі прыёму ў 2023 годзе атэстацыйнага экзамену з указаннем асобаў, якія будуць запрашацца да здачы.

Сам іспыт складаецца з двух этапаў. Першы - у форме кампутарнага тэсціравання, дзе суіскальнікам неабходна адказаць на 20 пытанняў. Другі этап - у выглядзе вуснага апытання па выцягнутых білетах. Неабходна адзначыць, што да вуснага іспыту дапушчаюцца асобы, якія адказалі правільна на 15 і больш пытанняў падчас кампутарнага тэставання. Вусны іспыт ацэньваецца па 5-бальнай сістэме. Здаўшымі экзамен лічацца асобы, якія атрымалі адзнаку не менш за 4.

На сённяшні дзень адбылося ўжо тры пасяджэнні камісіі па пытаннях ліцэнзавання дзейнасці па аказанні юрыдычных паслуг. Падзяліцца сваімі ўражаннямі аб здачы іспыту і рэкамендацыямі па падрыхтоўцы да яго мы папрасілі некаторых прэтэндэнтаў, якія сталі ўладальнікамі пасведчання.

Кацярына Качыцкая, індывідуальны прадпрымальнік, г.Мінск, адукацыя вышэйшая юрыдычная, досвед працы ў сферы аказання юрыдычных паслуг з 2004 года.

Для мяне іспыт быў вельмі хвалюючай падзеяй.

Вядома, з увядзеннем абавязковай здачы атэстацыйнага экзамену ўстаноўлена вельмі высокая планка для асоб, якія жадаюць атрымаць пасведчанне. Пра гэта гаворыць і вялікі працэнт тых, хто не здаў яго. З іншага боку, прайшоўшы камп'ютарнае тэсціраванне і вусны экзамен, суіскальнік пацвярджае свой высокі ўзровень кваліфікацыі, што з'яўляецца залогам якаснага аказання юрыдычных паслуг у далейшым.

Калі ў пачатку снежня мінулага года даведалася аб неабходнасці здачы іспыту ўжо ў студзені 2023 г., зразумела, што часу на падрыхтоўку не так ужо шмат. Таму была вымушана ўзяць тыднёвы водпуск, каб падвучыць тэорыю па асобных сферах права, асабліва з якімі не сутыкаешся ў паўсядзённай дзейнасці: крымінальнае, адміністрацыйнае права. Варта адзначыць, што шматгадовы досвед практычнай працы ў сферы грамадзянскага ці гаспадарчага права без дадатковай тэарэтычнай падрыхтоўкі быў бы таксама недастатковы для таго, каб паспяхова прайсці атэстацыю.

Вельмі дакладна наладжана арганізацыя работы па правядзенні самога экзамену ў Міністэрстве юстыцыі. Работнікамі ведамства падрабязна ў дэталях растлумачаны парадак яго правядзення, работа ў камп'ютарнай праграме для здачы тэсціравання і г.д.

Праграма для камп'ютарнага тэсціравання лагічная і зразумелая, складанасцей у абыходжанні з ёй не ўзнікала. Часу для тэсціравання, 30 хвілін, цалкам дастаткова для таго, каб прачытаць пытанні, выбраць правільныя адказы і нават вярнуцца да некаторых пытанняў, якія выклікалі цяжкасць. Скажу па сабе, чым больш задумваешся над пытаннем, тым больш сумняваешся ў слушнасці выбару адказу. Той адказ, які першым прыйшоў на розум, як правіла, аказваецца дакладным.

Вядома, хочацца даць некалькі парад тым прэтэндэнтам, якія будуць здаваць іспыт у наступным:

ведаць значэнні паняццяў і тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў нарматыўных прававых актах;

не забываць, што ў камп'ютарным тэсціраванні могуць быць два і больш правільныя адказы;

і вядома ж умець спраўляцца з сабой і перамагчы хваляванне.

Падчас камп'ютарнага тэсціравання адказала правільна на 17 пытанняў з 20. За вусны экзамен атрымала 4 балы. Вынікам вельмі задаволеная. Жадаю адзначыць, што атрыманне пасведчання па выніках такога атэстацыйнага іспыту шмат у чым спрыяе падвышэнню іміджу кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць юрыдычныя паслугі. А для сябе ў чарговы раз даказала, што здольна дасягаць пастаўленыя жыццёвыя мэты і адпавядаць высокаму званню юрыста.

 

Юлія Сушчанка, адукацыя вышэйшая юрыдычная, досвед працы ў юрыдычнай кампаніі з 2018 года.

Абсалютна згодна са сваёй калегай Кацярынай - неабходна паглыбленая тэарэтычная падрыхтоўка, на адным вопыце, як гаворыцца, "не выедзеш". Таксама брала 7 дзён водпуску для падрыхтоўкі да іспыту.

Усе пытанні, якія выпалі ў камп'ютарным тэсціраванні і на вусным экзамене, адпавядаюць праграме падрыхтоўкі, апублікаванай на сайце Міністэрства юстыцыі. Ні ў кампутарным тэсце, ні ў вусным іспыце пытанняў, якія выходзяць за межы праграмы, не ставілася. Больш за тое, разумеючы высокую ступень хвалявання тых, хто экзаменуецца, члены камісіі могуць задаць наваднае пытанне для ўдакладнення асобных дэталей у ходзе вуснага экзамену.

Абавязкова парэкамендую іншым суіскальнікам вывучыць практычна на памяць Правілы ажыццяўлення дзейнасці па аказанні юрыдычных паслуг і Правілы прафесійнай этыкі асоб, якія аказваюць юрыдычныя паслугі. Веданне ў тым ліку гэтых нарматыўных дакументаў дапамагло мне на вусным іспыце атрымаць максімальную адзнаку - 5 балаў.

У дадатак да сказанага хачу адзначыць, што і работнікамі Міністэрства юстыцыі, і сябрамі камісіі створаны вельмі спрыяльныя ўмовы для станоўчай здачы іспыту ўсімі прэтэндэнтамі. Усё астатняе залежыць ад узроўню падрыхтоўкі чалавека, які прыйшоў на іспыт.

 

уверх