Свята атрымалася! У Міністэрстве юстыцыі павіншавалі мужчын з Днём абаронцаў Айчыны

Цёплыя віншаванні, прыемныя сюрпрызы і святочны настрой для работнікаў Міністэрства юстыцыі сёння былі арганізаваны жаночым калектывам у гонар Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. На ўваходзе ў адміністрацыйны будынак мужчын сустракалі чароўныя дзяўчаты ў святочных уборах і вайсковай форме. Разам з сімвалічнымі падарункамі кожнаму быў уручаны трохкутны канверт з запрашэннем на святочны канцэрт.

«Штогод 23 лютага мы адзначаем Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У такі важны дзень успамінаем кожнага, хто робіць свой унёсак у тое, каб нашая краіна заставалася незалежнай, свабоднай і квітнеючай», - гэтымі словамі віталі сёння мужчынскі калектыў Міністэрства юстыцыі вядучыя ўрачыстага мерапрыемства Дар'я Багдан і Ганна Трапец.

Знаходжанне ў службовай камандзіроўцы не перашкодзіла першаму намесніку Міністра юстыцыі Наталлі Філіпавай у сваім відэазвароце павіншаваць мужчын са святам, пажадаць моцнага здароўя, кахання і прафесійных поспехаў. Музычную частку ўрачыстасці адкрыў Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Аўраменка з песняй "Армейскі марш". У выкананні яго калег - салістаў Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Ансамбль песні і танца ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь" Дзіяны Бажко, Аксаны Вярбіцкай і Арцёма Пякарскага гучалі лірычныя душэўныя песні.

Неверагодны выбух эмоцый выклікалі яркія выступленні юных выканаўцаў Міжнароднай школы вакалу "Medley Vocal School" Шубіч Валерыі і Ванагель Кірыла. Дарэчы сказаць, сёлета школа святкуе свой 10-гадовы юбілей. Маленькія зорачкі-вучні на працягу многіх гадоў з'яўляюцца ўдзельнікамі вядомых тэлевізійных праектаў: "Бітва Талентаў", "Калядная Песенька Года", "Дзіцячае Еўрабачанне", "Дзіцячая Новая Хваля", "Гатовы да Эфіру".

Сваімі талентамі пакарылі сёння мужчын і прадстаўніцы прыгожай паловы Міністэрства юстыцыі. Кансультант упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Алена Шаўчонак прачытала праніклівы верш «Скажы, а ты мяне сёння любіш» (аўтар Наталля Задарожная). Тэматыку мужчынскага свята падтрымаў чароўны калектыў пярвічнай арганізацыі Міністэрства юстыцыі ГА "Беларускі саюз жанчын" з песняй "Ідзе салдат па горадзе".

Самым лепшым падарункам для выканаўцаў сталі шчырыя эмоцыі, святочны настрой і бурныя авацыі гледачоў. А кіраўнікі запрошаных творчых калектываў, Алена Ісайкіна і Антон Маркелаў, атрымалі з рук намесніка Міністра юстыцыі Мікалая Старавойтава Падзячныя пісьмы, кветкі і салодкія падарункі.

уверх