Аб праекце "Баявы летапіс партызан Беларусі"
У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь заслужана атрымала ганаровае званне "партызанская рэспубліка". Нацысцкія захопнікі на беларускай зямлі сутыкнуліся з лютым супраціўленнем ужо з самых першых дзён акупацыі. Прайшоўшы цяжкі шлях станаўлення і развіцця, партызанскі рух на тэрыторыі БССР набыў па-сапраўднаму ўсенародны маштаб: у 1941-1944 гадах тут дзейнічала звыш 1200 партызанскіх фарміраванняў, у якіх змагаліся больш за 370 тысяч "народных мсціўцаў".
У баявы летапіс партызан Беларусі ўпісана нямала гераічных баёў і паспяховых аперацый, звесткі аб якіх сёння захоўваюць архіўныя матэрыялы ваенных гадоў. Дакументальныя крыніцы - гэта надзейны фундамент калектыўнай Памяці і дзейсны інструмент процідзеяння спробам фальсіфікацыі айчыннай гісторыі.
У рамках інтэрнэт-праекта "Баявы летапіс партызан Беларусі" будзе апублікаваны комплекс унікальных справаздачных дакументаў - аператыўных зводак Беларускага штаба партызанскага руху (органа, які ажыццяўляў кіраўніцтва партызанскай барацьбой на тэрыторыі Беларусі з верасня 1942 года), у якіх знайшлі адлюстраванне вынікі баявой і дыверсійнай дзейнасці лясных салдат».
Публікацыя матэрыялаў будзе ажыццяўляцца ў фармаце «дзень у дзень»: такім чынам аператыўная зводка штаба за № 1 будзе размешчана 15 кастрычніка 2022 г., а апошняя (№ 115) – 20 ліпеня 2024 г., у год святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Публікацыі дакументальных крыніц будзе папярэднічаць размяшчэнне спецыяльна падрыхтаваных інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў, якія расказваюць аб працэсе станаўлення і цэнтралізацыі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, стварэнні і дзейнасці Беларускага штаба партызанскага руху, крыніцазнаўчай спецыфіцы і інфармацыйным патэнцыяле аператыўных зводак штаба.
Праект рэалізуецца Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Беларускім навукова-даследчым цэнтрам электроннай дакументацыі.
Запуск праекта прымеркаваны да 80-годдзя ўтварэння Беларускага штаба партызанскага руху і ажыццяўляецца ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці.

