Хаменка: Натарыяльнае абслугоўванне павінна быць не толькі даступным, але і высокапрафесійным

"Натарыяльнае абслугоўванне павінна быць не толькі даступным, але і высокапрафесійным", - аб гэтым заявіў сёння Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, наведваючы новае памяшканне Мінскай абласной натарыяльнай канторы па вуліцы Калініна ў Мінску.

Кіраўнік ведамства ў сваім прывітальным слове адзначыў важнасць стварэння камфортных і сучасных умоў не толькі для работнікаў, але і для наведвальнікаў.

Старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка запэўніла, што памяшканні для ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці падбіраюцца менавіта з улікам гэтых патрабаванняў. «Да ўладкавання натарыяльных кантораў мы падыходзім вельмі абдумана і сур'ёзна не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Бо наша першарадная задача - дастаткова аператыўна і на высокім прафесійным узроўні аказаць натарыяльную паслугу любому грамадзяніну, які ў ёй мае патрэбу», - адзначыла Наталля Уладзіміраўна.

Міністр юстыцыі дэталёва азнаёміўся з умовамі працы ў натарыяльнай канторы, абмеркаваў з кіраўніцтвам БНП пытанні аказання натарыяльных паслуг грамадзянам і арганізацыям.

Даведачна: за 9 месяцаў бягучага года натарыусы Мінскай абласной натарыяльнай канторы ўчынілі больш за 13 тысяч натарыяльных дзеянняў і каля 30 выездаў у аграгарадкі.

уверх