Натарыусы Гродзеншчыны ў лідэрах па прававой асвеце грамадзян
25 студзеня на пашыраным пасяджэнні Савета натарыусаў Гродзенскай абласной натарыяльнай палаты падведзены вынікі работы натарыусаў Гродзенскай абласной натарыяльнай акругі за 2022 год, пастаўлены мэты і задачы на бягучы год.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Наталля Жукава, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Алена Юргель, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка, старшыня Гродзенскай абласной натарыяльнай палаты Людміла Орсік, натарыусы.
У ходзе сустрэчы абмеркаваны вынікі работы камісій Гродзенскай абласной натарыяльнай палаты і Беларускай натарыяльнай палаты.
У сваім выступленні на пасяджэнні Наталля Жукава адзначыла, што па выніках 2022 года ў Міністэрства юстыцыі скаргаў па пытаннях учынення натарыяльных дзеянняў у Гродзенскай вобласці не паступала. Была звернута ўвага на работу па прававой асвеце: так натарыусамі Гродзенскай натарыяльнай акругі праведзена 3501 лекцыя (гутарка) у працоўных калектывах, установах адукацыі і іншых арганізацыях, што з'яўляецца лепшым паказчыкам сярод тэрытарыяльных натарыяльных палат рэспублікі.
Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню натарыусаў з раённымі, сельскімі, пасялковымі выканаўчымі камітэтамі арганізацыя натарыяльнага абслугоўвання грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб пры выездах натарыусаў у аграгарадкі і іншыя населеныя пункты знаходзіцца на высокім узроўні.
Наталля Жукава пазначыла далейшую цыфравізацыю натарыята як адзін з прыярытэтных напрамкаў працы.
Нагрудным знакам Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь "За адзнаку" ІІ ступені ўзнагароджана намеснік старшыні Гродзенскай абласной натарыяльнай палаты Святлана Грыва, Падзякай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана загадчык Гродзенскай гарадской натарыяльнай канторы Юлія Біркас.
