Тэма занятку - гісторыя партызанскага руху ў Беларусі

4 мая напярэдадні Дня Перамогі для работнікаў цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі былі арганізаваны тэматычныя заняткі, прысвечаныя гісторыі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ўкладу беларускіх партызан у агульнасусветную перамогу над нацызмам. У якасці лектара выступіў загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Святаслаў Кулінок.

Святаслаў Валянцінавіч падзяліўся з удзельнікамі занятку малавядомымі фактамі аб зараджэнні і цэнтралізацыі партызанскага руху на беларускай зямлі, аб арганізацыі сувязі партызан з "Вялікай зямлёй", аб найбольш буйных баявых аперацыях "народных мсціўцаў". Асабліва ўразілі работнікаў Міністэрства юстыцыі працытаваныя фрагменты з архіўных дакументаў, якія расказваюць аб партызанскай штодзённасці: арганізацыі побыту і харчавання, добраўпарадкаванні лагера, арганізацыі медыцынскай дапамогі.

Лектар таксама расказаў пра дакументальныя зборнікі, выставы і інтэрнэт-праекты, прысвечаныя пытанням партызанскага руху і рэалізаваныя пад грыфам Нацыянальнага архіва за апошнія дзесяцігоддзі. Святаслаў Валянцінавіч адзначыў, што гэта тэма з'яўляецца адной з магістральных у навукова-даследчай і інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці архіва.

«У Беларусі, мабыць, як нідзе на постсавецкай прасторы праведзена вялікая праца па вывучэнні і ўшанаванні памяці аб гісторыі партызанскай барацьбы. Але яшчэ застаецца нямала старонак, якія маюць патрэбу ва ўдакладненні, дадатковым даследаванні. Гэтая праца патрабуе кансалідацыі намаганняў архівістаў, гісторыкаў, устаноў адукацыі, грамадскіх арганізацый і дзяржаўных структур», - падкрэсліў прадстаўнік Нацыянальнага архіва.

уверх